Глен Хэнлан: Мы выдатна правялі канцоўку і заслужылі перамогу

"Мы выдатна пачалі, але далей выпалі. Здарылася сапраўдная бяда з выдаленнямі, што зрабіла галкіпера адным з галоўных герояў матчу. Добра, што ўсё скончылася менавіта так. Мы выдатна правялі канцоўку і заслужылі перамогу", — заявіў галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Глен Хэнлан пасля пераможнага матчу над камандай Латвіі (3:1) і датэрміновага выхаду нашай дружыны ў чвэрцьфінал.

Разам з тым трэнер не стаў каментаваць працу суддзяў.

"Гэта не мая кампетэнцыя. Наогул, арбітры на чэмпіянат свету адбіраюцца з усяго свету. Я выдатна разумею эмоцыі Тэда. Але не хацеў бы нічога каментаваць... Магу паклясціся, што яшчэ не бачыў моманту. Ужо сотня чалавек спытала мяне пра гэты эпізод, але я не гатовы даваць ацэнку".

Нагадаем, што за 36 секунд да канца сустрэчы пры ліку 2:1 на карысць беларусаў арбітры не залічылі гол форварда зборнай Латвіі Каспарса Даўгавіньша. Суддзі спаслаліся на тое, што ў гэты момант іншы латвійскі хакеіст знаходзіўся ў плошчы варот.

Хэнлан адзначыў, што для беларусаў вельмі важная гульня са зборнай Расіі, якая пройдзе 20 траўня.

"Усё-такі на арэну прыйдзе 15 тысяч гледачоў, а яшчэ 10 мільёнаў будуць глядзець матч па тэлевізары. Калі не гуляць для іх, то для каго? Акрамя таго, нам важна не страціць упэўненасць і сваю гульню", — цытуе трэнера by.tribuna.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі