Gods Tower выдалі новы сінгл "Roll Out" (слухаць)
Па словах лідара металістаў Лэслі Найфа, нягледлзячы на новы склад, музыкі здолелі захаваць на рэлізе сваё фірмовае гучанне і нечым "узбагацілі яго".
У інтэрв'ю сайту Ultra-Music Лэслі прызнаецца, што пасля сыхода гітарыста Змітра Лазарэнкі, у гурце "назіраецца ажыўленне". Новы гітарыст (Віталь Абрамовіч, - прым. Еўрарадыё) "не проста перажоўвае пройдзенае, але і стварае новае. Ён шмат робіць для праекта, у адрозненне ад свайго папярэдніка".
Нагадаем, на стварэнне кампазіцыі "Roll Out" гомельскіх металістаў натхніла сусветна вядомая гульня World of Tanks. Сінгл "Roll Out", у які апроч аднайменнага трэка, увайшла песня "Field of the Dead", выдадзены ў выглядзе сяміцалевага вініла і аўдыёкасеты пры падтрымцы кампаніі Wargaming. Натуральна, што абодва выданні утрымліваюць адмысловыя стыкеры з інвайт-кодамі для гульні.
4 снежня сінгл выйшаў на фізічных носьбітах, быў прэзентаваны ў інтэрнэце. У гэты ж дзень гурт рушыў у беларускі тур у падтрымку рэліза. Мінская прэзентацыя новага сінгла Gods Tower пройдзе 7 снежня ў клубе Re:Public.