Gods Tower прэзентавалі першы трэк на беларускай мове (слухаць)

Легендарныя гомельскія металісты Gods Tower прэзентавалі на сайце Tuzin.fm першы ў сваёй гісторыі трэк на беларускай мове “Людзі на балоце”. Гэта пераклад “People in the Swamp” з апошняга альбома калектыву “Steel Says Last(2011), які зрабіла Ганна Аўчыннікава.

“Ганна зрабіла такі пераклад, які было проста немагчыма абмінуць увагай, — прызнаецца лідар гурта Лэслі Найф. — Гэта выключная заслуга перакладчыцы, самі мы адмыслова не зрабілі б такога, бо не маем досведу”.

У сваёй дэбютнай песні па-беларуску гурт закранае праблему беларускай самаідэнтыфікацыі.

“У ёй вядзецца пра тое, што беларусаў як нацыі папросту не існуе. Калі гэта не так, можаце мяне абвергнуць. Пакуль што нацыяй можна назваць украінцаў – ані беларусы, ані тым больш рускія нацыямі не з’яўляюцца. Грамадзянскай самасвядомасці не маюць, толькі бы жэрці было чаго, — разважае Лэслі. — Нельга адмаўляць праўду, трэба зрабіць так, каб яна сышла ў небыццё. Пакуль што гэта робяць адзінкі. Нацыя? Саннікаў, Дашкевіч, Пазьняк – гэта нацыя. Астатняе альбо распіл грантаў, альбо прыстасавальніцтва. У гэтай песні мы пра большасць кажам, а яны ўсе патанулі. А хочаце аптымізму, дык вось вам “Ляпіс”. Калі ўсе пра аптымізм спяваць будуць, дык гэта будзе БТ”.

Лэслі кажа, што пра працяг беларускамоўнай творчасці Gods Tower казаць пакуль заўчасна, але сумневу няма, калі з’явіцца годны тэкст, музыкі абавязкова возьмуць яго да выканання.

Трэк “Людзі на балоце” возьме ўдзел у шостым туры аўдыё-чарта на Tuzin.fm, які стартуе 10 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі