Голубеў: Пасля прыняцця дэкларацыі мы танчылі на плошчы да позняй ночы

На 27 ліпеня прыпадаюць 21-я ўгодкі прыняцця Вярхоўным Саветам БССР дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэта быў першы крок нашай краіны да незалежнасці. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з адным з аўтараў тэкста дэкларацыі, былым дэпутатам, гісторыкам Валянцінам Голубевым.

Еўрарадыё: Якое мела значэнне прыняцце ў той час Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР?

Голубеў: "Вельмі важнае. 1990 год — гэта год, з якога Беларусь пачала крочыць да пабудовы незалежнай дзяржавы. Тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, а мы пачалі казаць пра Беларусь незалежную. Тады ўпершыню адбыліся дэмакратычныя выбары ў Вярхоўны Савет, куды прыйшлі прадстаўнікі некамуністычных структур, перш за ўсе гэта быў Беларускі народны фронт".

Еўрарадыё: Наколькі адрозніваўся праект Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР, які прапанаваў Беларускі народны фронт, ад таго, што было прынята?

Голубеў: "Мы ў маі месяцы [1990 года] правялі агульнанацыянальную канферэнцыю, якая так і называлася: "Незалежная Беларусь", дзе і прапанавалі наш праект. Ён быў больш радыкальны і для Вярхоўнага Савета, які быў на 90% камуністычны, размова пра поўную незалежнасць была нечаканаю. Пасля ўсіх абмеркаванняў у Вярхоўным Савеце галоўнага выхаласціць з дэкларацыі не ўдалося. Засталося, што мы і незалежная дзяржава, і што Беларусь валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, толькі адзіны пункт, з якім не пагадзілася апазіцыя ў Вярхоўным Савеце — наш Вярхоўны Савет выказаўся за хутчэйшае заключэнне новага саюзнага дагавора, за новы Савецкі Саюз. Мы тады ўжо не бачылі Беларусь у складзе якой заўгодна іншай дзяржавы. Па ініцыятыве Зянона Пазьняка, апазіцыя наладзіла палітычную гульню. Мы баяліся, што 27 ліпеня Дэкларацыя не будзе прынята. Зянон Пазьняк упершыню рызыкнуў, і гэтая рызыка апраўдалася. Ён заявіў, што калі такія людзі тут сядзяць у залі, якія не хочуць незалежнасці, то і апазіцыя ў такім выпадку пакідае залю паседжанняў Вярхоўнага Савета. І тут на супрацьвазе такое адбылося, пачалі ўскокваць іншыя дэпутаты: "Ах! Калі БНФ не хоча незалежнасці, давайце ў піку ім прагаласуем!". Так і адбылося. Нават па прапанове Вярцінскага (дэпутата Анатоля Вярцінскага, паэта, у той час галоўнага рэдактара газеты "ЛіМ" — Еўрарадыё) 27 ліпеня абвесцілі святочным днём".

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце ў піку апазіцыі?

Голубеў: "Так атрымалася, бывае ў жыцці рознае. Потым, ужо 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет зусім свядома надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. З гэтага часу ўсе беларускае стала належыць беларусам".
 
Еўрарадыё: Ці можна казаць, што была нейкая асоба, як аўтар тэксту дэкларацыі? 

Голубеў: "Самую першую балванку, якую я рабіў па даручэнні апазіцыі, я яе таксама рабіў не з галавы. А я ўжо ўзяў дзве прынятыя дэкларацыі, якія былі — Вярхоўны Савет Расійскай Федэрацыі перад намі прыняў і Украіна прыняла Дэкларацыю аб незалежнасці. Гэта будавалася на агульных прынцыпах. Фармулёўкі потым мяняліся, але сэнс заставаўся. Мне прыемна, што гэта пачаў я, але я не сказаў бы, што я аўтар. Я адзін з аўтараў, а аўтарам з'яўляецца той калектыўны орган — Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання".

Еўрарадыё: У 1990-х гадах 27 ліпеня адзначалася як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь...

Голубеў: "Канец ліпеня цяжка святкаваць на дзяржаўным узроўні. Я памятаю, як гэта адбывался тады. Людзей у сталіцы было мала, людзі раз'язджаліся на адпачынкі. Ліпень і жнівень месяц для святкавання вялікіх мерапрыемстваў... яны такія пустыя".

Еўрарадыё: Наколькі моцнай ў тыя часы была апазіцыя? Калі прымалася дэкларацыя, ці былі людзі перад Вярхоўным Саветам?

Голубеў: "Вельмі моцная падтымка ў той час апазіцыі была. Кожны дзень, калі мы выходзілі з Вярхоўнага Савета, тысячы людзей стаялі і нас віталі. І ў дзень прыняцца Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, мы выйшлі на вуліцу, тады вельмі многа прыйшло людзей, задаволеных. Мы танчылі на плошчы, спявалі песні да самай позняй ночы".

На здымку: Адна з акцый пратэсту. Плошча Незалежнасці (у той час — імя Леніна), 1990 год.

Фота — vytoki.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі