Гурт “Крама” запусціў уласны сайт
Пакуль ён на стадыі запаўнення, але з цягам часу там можна будзе знайсці любую інфармацыю пра легендарную каманду.
Гурт "Крама" на 23 годзе існавання нарэшце абзавёўся ўласным сайтам. Сачыць за навінамі калектыву, слухаць песні ды глядзець відэа легендарных беларускіх рокераў цяпер можна на старонцы kramaband.by.
“У нас з’явіўся чалавек, які займаецца рознымі піярамі, ён і сказаў, што “Краме” патрэбны сайт, — распавядае гітарыст гурта Сяржук Трухановіч. — Ну, патрэбны, дык няхай будзе. Сайт увогуле вельмі ўплывае на колькасць канцэртаў, бо людзі могуць шукаць гурт, але не знаходзіць кантактаў. А на сайце ўсё ёсць. Праўда, пакуль ён яшчэ прыстрэлачны, на стадыі рэдакцыі, так бы мовіць. Але з цягам часу усё там з’явіцца”.
Новы альбом “Белая вада”, які быў выдадзены нядаўна, таксама з цягам часу можна будзе знайсці на афіцыйнай старонцы “Крамы”. А пакуль музыкі запрашаюць усіх ахвочых паслухаць новую праграму на вялікай канцэртнай прэзентацыі, якая пройдзе ўжо сёння (28 лістапада) ў ПК Чыгуначнікаў (вул. Чкалава 7). Пачатак 19.00.