Гурт Nizkiz прэзентуе кліп на песню "Это я сам" (глядзець)
Здымкі відэа адбыліся ў сталічным клубе TNT.
На жыва музыкі прэзентавалі кліп падчас свайго снежаньскага канцэрта ў TNT. А інтэрнэт-прэзентацыя новага відэа адбылася на партале musecube.org. Планавалася, што менавіта відэа на песню “Это я сам” стане першым кліпам гурта і яго адмысловай візітоўкай. Але падчас фестывалю “Соседний мир” Nizkiz вырашылі “скочыць у лета” ды зняць дарожнае відэа на песню “Кроме”.
Як распавёў Еўрарадыё бубнач каманды Зміцер Халяўкін, форму live-video для кліпа гурт абраў свядома:
“Песня “Это я сам” насамрэч драйвовая, энергічная, мы заўжды завяршаем ёю свае выступы. Таму гэтым live-video вырашылі максімальна перадаць энергетыку і песні, і людзей, якія прыходзяць на нашыя канцэрты, тыя эмоцыі і “дзвіж”.
Але каб “жывое” відэа не было зусім простым і звычайным, у кліп уплялі сюжэтную лінію. Паводле задумы, на танцполе з’яўляецца малады чалавек, які пад уздзеяннем песні трансфармуецца ў... глядзіце самі!
“Сезон кліпаў” гурта Nizkiz працягнуць яшчэ два відэа, але ўжо на кампазіцыі, якія ўвойдуць у другі альбом каманды. Рэліз новай пласцінкі запланаваны на вясну 2014 года. У бліжэйшы час убачыць выступ Nizkiz на вялікай сцэне можна будзе падчас уручэння музычнай прэміі "Даём рады", якое адбудзецца 7-га лютага ў мінскім клубе Re:Public.
Больш фота са здымак кліпа можна паглядзець у нашых суполках у Facebook і Вконтакте.