Гвалтоўнае шчасце. Мінчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара

Гвалтоўнае шчасце. Мінчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара

У двары дома №15 па сталічнай вуліцы Кульман пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі. Гэта калі высякаюцца велічныя каштаны і бярозы, а на іх месца кладзецца чысценькая тратуарная плітка. То бок ранейшы шыкоўны двор з баскетбольнай пляцоўкай, цяньком і лавачкамі стане суцэльнай паркоўкай з пляцоўкай, дзе можа разварочвацца спецтэхніка і будуць стаяць кантэйнеры для смецця.

Тыдзень таму жыхарка дома Інэса Барысевіч легла пад колы бульдозера, выратаваўшы такім чынам два каштаны і пазбавіўшы двор ад "нікому не патрэбнай сцежкі з пліткі".

"Калі я легла пад бульдозер, дык намесніца начальніка ЖКГ Савецкага раёна хутка ўнесла карэкціроўку ў праект... Больш за ўсё абурае тое, што праект добраўпарадкавання не ўзгадняўся з намі. Чаму, атрымаўшы нязгоду жыхароў з такім планам рэканструкцыі нашага двара, працы ўсё адно вядуць? Мы просім: не закопвайце грошы, пакіньце глыток свежага паветра! Нас спрабуюць зрабіць шчаслівымі гвалтоўна!" — эмацыйна гаворыць Інэса Барысевіч.

Пра тое, што вялікі зялёны двор збіраюцца "рэканструяваць", жыхарам стала вядома ў кастрычніку 2017 года. Агульнага сходу жыхароў дома, на якім гарадскія ўлады прадставілі б праект рэканструкцыі двара, не праводзілася. У адміністрацыю Савецкага раёна была запрошаная ініцыятыўная група жыхароў, якая адхіліла праект. Прапанова паставіць у двары кантэйнеры для смецця і зрабіць разваротную пляцоўку для праезду смеццявоза была катэгарычна адрынутая.

Гвалтоўнае шчасце. Мінчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара

"З вонкавага боку дома 40 гадоў стаяць кантэйнеры для смецця. Гэта ўсіх задавальняла. Рабіць разваротныя пляцоўкі ўнутры двара, дзе гуляюць дзеці, ходзяць людзі, ствараць новыя месцы для збору смецця — гэта абсурд", — абураецца яшчэ адзін жыхар, Аляксандр Язвінскі.

Дом №15 на Кульман — легендарны. Тут жыў сам Максім Танк, яго суседзі — беларускія навукоўцы, акадэмікі, прафесары. 40 гадоў таму добраўпарадкаваннем двара займаліся самі жыхары — пасадзілі каштаны і бярозы. Усе яны цяпер выступаюць супраць рэканструкцыі.

"Балюча адчуваць сябе дразафілай, якая зусім не патрэбная гэтай дзяржаве, таму што твой голас не чуюць, — амаль са слязьмі на вачах гаворыць Інэса Барысевіч.Трэба разабрацца, хто стаіць за закупкамі, хто пастаўляе сюды тратуарную плітку. Навошта тут патрэбныя бетонныя сцежкі, якія вядуць у нікуды?! Адзіная дарога, якая тут была патрэбная, — да бібліятэкі Янкі Купалы. Але яе не пракладаюць!"

Гвалтоўнае шчасце. Мінчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара

Працы "па добраўпарадкаванні" вядуцца ў двары дома ўжо месяц. Прычым, сцвярджаюць мясцовыя, суперхуткімі тэмпамі. Ужо ссечаныя 13 дрэваў. Многія з яшчэ жывых — пашкоджаныя. За гэта жыхары двара збіраюцца прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці падрадчыка. Самі рабочыя кажуць, што яны тут ні пры чым:

"Мы робім сваю працу", — адзінае, што могуць сказаць яны, збягаючы ад камеры Еўрарадыё.

Мясцовыя ўвогуле настроеныя ваяўніча. Разаслалі лісты і ў адміністрацыю Савецкага раёна, і ў пракуратуру, і ў адміністрацыю прэзідэнта. Плануюць звяртацца ў Камітэт Дзяржкантролю і Дэпартамент фінансавых расследаванняў, "каб было выяўлена, хто прапхнуў гэты бяздарны праект, каму выгадна закапаць мільёны і пры гэтым не ўлічваць меркаванне жыхароў".

"Мы робім не для сябе, а для дзяцей, каб яны разумелі, што з бясчынствам трэба змагацца", — далучаецца да размовы Алена Войтава. За паўгадзіны яна сабрала 23 подпісы супраць "рэканструкцыі".

Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

 

Гвалтоўнае шчасце. Мінчукі пратэстуюць супраць знішчэння свайго двара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі