Хакей для чайнікаў. Што трэба ведаць пра гульню

Хакей для чайнікаў. Што трэба ведаць пра гульню

6 траўня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу пачынаецца чэмпіянат свету па хакеі на лёдзе. У Беларусі гэта больш чым проста від спорту, і таму амаль месяц (фінал чэмпіянату пройдзе 22 траўня) пра клюшкі і шайбы можна будзе пачуць з кожнага акна, хочаце вы гэтага альбо не. Разбіраемся, што трэба ведаць пра хакей, каб не быць лохам хаця б падчас чэмпіянату.

 

Чаму хакей?

З футболам усё больш-менш зразумела. "Фут" — нага, "бол" — мяч. А вось наконт хакея не так ясна. Ёсць дзве больш-менш верагодныя версіі. Паводле адной з іх, гульня нарадзілася яшчэ ў старажытнай Брытаніі, жыхары якой святкавалі канец уборкі ўраджаю (прывітанне, Дажынкі!), гуляючы на зжатым полі — яны ганялі невялікі мяч скрыўленымі палкамі. Палкі называліся "хокі". З гэтай версіяй катэгарычна не згодныя канадцы. Яны перакананыя, што гульня з'явілася ў Канадзе, а назву атрымала ад старафранцузскага слова "хуке", якім называлі палкі пастухоў. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што хакей у яго сучасным выглядзе прыдумалі акурат канадцы.

 

Колькі чалавек гуляе

Цяжка сказаць. Адначасова на пляцоўцы можа знаходзіцца максімум 12 чалавек — па 6 з кожнага боку. Галкіпер і пяць палявых хакеістаў. Гэта нібыта нашмат менш, чым у футболе. Але насамрэч склады футбольных і хакейных каманд прыкладна аднолькавыя — у хакеі гульцы могуць сыходзіць і выходзіць на пляцоўку неабмежаваную колькасць разоў. Фактычна, адзін хакеіст у выніку праводзіць на лёдзе 8-10 хвілін. Астатні час ён сядзіць на лаўцы побач з трэнерам. Склад каманды — 23-25 чалавек, падзелены на некалькі пяцёрак. Першая пяцёрка лічыцца самай моцнай, чацвёртая — самай слабай.

Галы

Тут усё амаль як у футболе — выйграе той, хто забіў больш (у хакеі гавораць — закінуў). Гол — гэта калі шайба залятае за лінію брамы. Забіваць можна толькі клюшкай — нагой і рукой можна таксама паспрабаваць, але іх не залічаць (выключэннем можа стаць ненаўмысны рыкашэт). Рукамі гуляць увогуле не вельмі можна — толькі спыніць шайбу ў паветры і кінуць сабе пад клюшку. А вось нагамі свабадней — нават пасы даваць як у футболе.

Галоў у хакейных матчах звычайна значна больш, чым у футбольных — большыя хуткасці, шайба меншая за мяч. Але ёсць і мінус — момант гола вельмі проста прапусціць, бо падзеі развіваюцца страшна імкліва. Таму хакей прыемней глядзець па тэлебачанні — там ёсць паўторы і шмат ракурсаў.

 

Парушэнні

Гэта тое, за што хакей некаторыя і любяць (асабліва ў Нацыянальнай хакейнай лізе Канады і ЗША). Тут можна біцца! У некаторых турнірах суддзі нават не спяшаюцца разнімаць хакеістаў, якія паскідалі пальчаткі і малоцяць адзін аднаго кулакамі. Падчас гульні можна прыпячатаць саперніка да борта да трэску ў рэбрах і спакойна паехаць далей. Адзіная ўмова — ён павінен у гэты момант валодаць шайбай. Ну, і нельга малаціць па іншых хакеістах клюшкамі — за гэта выдаленне. Паглядзіце, як зусім нядаўна беларусы счапіліся з латвійцамі, біліся нават варатары

У хакеі за розныя парушэнні гульцоў могуць выдаліць з пляцоўкі на лаву штрафнікоў — на 2 хвіліны альбо нават на 10. Каманды будуць гуляць у няроўных складах. Але выдаляць адначасова больш за дваіх нельга. Калі такое здарылася, замест выдаленага на пляцоўку можа выйсці іншы хакеіст.

 

Матч

Кожны матч дзеліцца на тры перыяды па 20 хвілін кожны, перапынкі паміж імі цягнуцца 10-15 хвілін. Галоўнае адрозненне ад футбола — час гульні чысты. То бок калі здараецца паўза, то час спыняецца і аднаўляецца толькі пасля аднаўлення гульні. Таму хакейныя матчы могуць цягнуцца невядома колькі. Як правіла, каля 2 гадзін. У хакеі не можа быць нічыйнага ліку. У кожным матчы абавязкова павінен быць пераможца. Таму калі асноўны час заканчваецца роўным лікам, прызначаецца дадатковы тайм — авертайм. Ён цягнецца да першай закінутай шайбы, але не больш за 5 хвілін. У ім гуляе па 5 хакеістаў, а не па 6. Калі і тут пераможца не вызначаецца, то прызначаюцца буліты.

 

Буліты

Гэта як пенальці, толькі складаней забіць. Буліт прызначаецца за моцнае парушэнне — часцей за ўсё за падножку хакеісту, які валодаў шайбай і выходзіў сам-насам з галкіперам іншай каманды. Праўда, калі ў футболе пенальці — гэта амаль 100% гол, то ў хакеі абыграць варатара, які закрывае сабой палову маленькай брамы, нашмат цяжэй. Хакеіст разганяецца, падбірае шайбу ў цэнтры пляцоўкі і едзе з ёй на варожую браму. Забіваюць прыкладна ў палове выпадкаў, а то і менш.

Грабоўскі закідвае супербуліт

Афсайды

З афсайдамі ў хакеі (як ні дзіўна) нашмат прасцей, чым у футболе. Шайба павінная перасячы сінюю лінію (яна знаходзіцца паміж варотамі і цэнтрам пляцоўкі) раней за хакеіста каманды, што атакуе. Калі хакеіст быў першым, суддзя спыняе матч і выкідвае шайбу бліжэй да цэнтра.

 

Відэаапаўторы

Яшчэ адно значнае адрозненне хакея ад футбола і іншых гульнявых відаў спорту. У хакеі ёсць спецыяльны суддзя, які праглядае спрэчныя момант на відэазапісах і прымае рашэнні на карысць нейкай з камандаў. Таму памылкі суддзяў у хакеі — рэдкасць. Тут могуць адмяніць гол альбо прызначыць буліт, кіруючыся выключна відэазапісам моманту. Хакей праз гэта губляе пэўную інтрыгу. Але затое ўсё справядліва.

 

Хто ў хакеі самы моцны

Канадцы, расіяне, шведы, чэхі, амерыканцы і фіны. Яшчэ славакі і швейцарцы. Перамога над кожнай з гэтых каманд для нас будзе поспехам. На чэмпіянаце, які пачынаецца, беларусы дзесьці пасярэдзіне сярод усіх 16 нацыянальных каманд. Таму калі мы выйдзем у другі раунд і трапім у лік васьмі найлепшых — ужо добра. 

Хакей для чайнікаў. Што трэба ведаць пра гульню

Расклад гульняў зборнай Беларусі

Пачынаем ужо ў пятніцу, 6 траўня, з фінамі. На чэмпіянаце беларусам свеціць як мінімум 7 матчаў групавога этапу. Калі пойдзе добра, то потым будуць яшчэ гульні ў плэй-оф:

6 траўня. Фінляндыя — Беларусь, 20.15.

7 траўня. Беларусь — ЗША, 20.15.

9 траўня. Беларусь — Канада, 16.15.

11 траўня. Славакія — Беларусь, 16.15.

13 траўня. Германія — Беларусь, 20.15.

14 траўня. Венгрыя — Беларусь, 16.15.

17 траўня. Беларусь — Францыя, 20.15.

 

Усе 16 каманд падзеленыя на дзве групы па 8. Пасля гульняў групавога раунда першыя чатыры каманды з кожнай групы выходзяць у чвэрцьфіналы, і далей кубкавая сістэма з паўфіналамі, матчам за трэцяе месца і фіналам. У групавым раундзе за перамогу даецца тры ачкі, за перамогу ў авертайме альбо па булітах — два, за паразу ў авертайме ці па булітах — адно, за паразу ў асноўны час ачкоў не даюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі