Хакейных дзіцячых трэнераў будуць кантраляваць з дапамогай відэакамер
Хакейных дзіцячых трэнераў у Беларусі будуць кантраляваць з дапамогай відэакамер. Пра гэта падчас сённяшняй нарады ў кіраўніка дзяржавы паведаміў старшыня Федэрацыі хакея нашай краіны Сямён Шапіра. Ён прыгадаў, што ў юнацтве займаўся футболам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. "Трэнер прыходзіў, кідаў мяч, чытаў газету, мы куляліся на полі — увесь працэс трэнерскі", — успамінае ён.
Шапіра прызнае, што на сённяшні дзень падобныя факты таксама ёсць. Таму было вырашана арганізаваць кантроль з дапамогай відэакамер. У Федэрацыі хакея ці ў Мінспорта ў любы момант змогуць пабачыць, як праходзяць трэніроўкі. "І кожны трэнер бачыць, што за ім кантроль. І, вядома, трэба ездзіць, глядзець і кантраляваць трэнерскую працу", — цытуе словы кіраўніка федэрацыі тэлеканал СТБ.
Таксама па выніках нарады было заяўлена, што ў Беларусі хакеістаў пачнуць рыхтаваць з 6 гадоў.