Хатнім жывёлам у Беларусі давядзецца маўчаць з 23-й да 7-й гадзіны
Хатнім жывёлам у Беларусі давядзецца маўчаць з 23-й гадзіны вечара да 7-й гадзіны раніцы. Час цішыні для іх прадугледжаны праектам закона "Аб абыходжанні з жывёламі", які апублікаваны для грамадскага абмеркавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. З яго вынікае, што час цішыні не распаўсюджваецца толькі на службовых жывёлаў падчас выканання імі службовых абавязкаў. Гаспадары хатніх жывёлаў будуць абавязаныя забяспечыць цішыню ў кватэрах шматкватэрных і блакаваных жылых дамоў, у аднакватэрным жылым доме, у якім жывуць некалькі наймальнікаў (уласнікаў). Час цішыні ад 23.00 да 7.00 распаўсюджваецца і на тэрыторыі каля дамоў.
Таксама праект закона прадугледжвае, што калі знікаюць зарэгістраваныя сабакі і коткі, іх уладальнікі будуць абавязаныя на працягу трох дзён звярнуцца з заявай у арганізацыю, якая займаецца непасрэдна рэгістрацыяй хатніх жывёлаў. Калі ж грамадзяне не выканаюць гэтага патрабавання, адпаведныя службы палічаць, што яны пазбавіліся ад жывёлы.
Калі закон будзе прыняты, у кватэры шматкватэрнага ці блакаванага жылога дома, у якой жыве адзін уласнік (наймальнік), можна будзе ўтрымліваць не больш за двух жывёлаў (двух сабак, альбо двух котак, альбо аднаго сабаку і адну котку). У выпадку, калі ў кватэры жывуць некалькі ўласнікаў (наймальнікаў), адна сям'я зможа мець толькі аднаго сабаку ці адну котку.
З праектам закона можна пазнаёміцца тут.