Хітрык: Казалі: "Трэба валіць", калі атрымлівалі зарплату ў тэатры, і прывыкалі
Актрыса і спявачка Аня Хітрык - госць Еўрарадыё. Фота: Еўрарадыё
Ганна Хітрык, актрыса Купалаўскага тэатра і лідарка гурта Sounduk пераязджае жыць у Ізраіль. Пераязджае дзеля сына Сцёпы. У хлопчыка аўтызм, а ў Ізраілі для дзяцей з такім дыягназам створаныя ўсе ўмовы для паспяховага жыцця.
Ідэя пераехаць з'явілася ў сям'і пасля таго, як у 2015 годзе Сцёпа праходзіў карэкцыйнае лячэнне ў адным з ізраільскіх цэнтраў. Лячэнне дапамагло. Ганна пашукала, і знайшла яўрэйскія карані. Таму было вырашана падаць дакументы на пераезд. Чаканне адказу цягнулася два гады.
Ганна Хітрык: Калі ты падумаў: "Усё, наўрад ці", бог усміхнуўся і сказаў: "Пачакай". І нам патэлефанавалі. Я стаяла ў калідоры, збірала мужа на працу, аддавала яму пакет са смеццем і не магла зразумець, чаго ад мяне хочуць. Мне паўтарылі: "Сардэчна запрашаем у Ізраіль". Я разгубілася: "Калі?". А яны кажуць: "Ужо. Можаце прыходзіць афармляць дакументы".
Раней я ўяўляла сабе, што тэлефаную маме, ганарлівая і шчаслівая, і кажу: "Мы пераязджаем". А далей амерыканскі фільм, яркія фарбы, я прадаю сваё жыццё як лот, уключаючы кніжкі і місачкі, і з'язджаю з прыгожым багажом. А адбываецца ўсё па-беларуску, па-нашаму: я плачу над любімымі кніжкамі, кветачкамі, але працягваю збірацца.
Хачу стаць мегаспецом, прыехаць у Беларусь і дапамагаць аўтыстам тут
Еўрарадыё: Ты прыдумала, чым будзеш займацца ў Ізраілі? Або пакуль вы едзеце у нікуды?
Ганна Хітрык: Не зусім. Мы выбралі горад. У ім ёсць сябры. Гэта людзі, да якіх мы ў 2015 годзе прыехалі з нашым сынам, як да спецыялістаў. Мы з імі пазнаёміліся, яны прачысцілі нам мозг, мы іх называлі на "вы", і яны нас на "вы" і паміж намі былі рынкава-грашовыя адносіны. Мы атрымалі вынік, былі ім вельмі ўдзячныя. Яны мяне "заразілі", і я стала змяняць прафесію — вучылася і займалася з дзеткамі ў нашым горадзе. Пайшлі вынікі, я стала дзяліцца з імі, раіцца. І так працоўныя адносіны перайшлі ў цёплыя, а цяпер яны сяброўскія. Гэтыя выдатныя людзі гатовыя нас прыняць, карміць, апранаць. З іншага боку, мы не едзем працаваць акцёрамі ў якой-небудзь круцецкі тэатр. У гэтым сэнсе мы едзем у нікуды. Але мы едзем у краіну, у якой можна бясплатна вучыць мову і яна ўсяляк дапамагае сваім жыхарам.
А наогул, планую працаваць з дзецьмі з аўтызмам. Хачу стаць мегаспецом, прыехаць у Беларусь і дапамагаць такім дзецям тут.
Пінігін — унікальны чалавек, я яго баюся. Ён сказаў мне патрэбныя рэчы
Еўрарадыё: Ці не шкада кар'еры актрысы? Ты ж вядучая актрыса!
Ганна Хітрык: Так любяць казаць, але мы абодва ведаем, што гэта не так (смяецца). Калісьці я шмат грала. Дзякуючы таму, што адбываецца з нашай сям'ёй, кіраўніцтва тэатра пайшло мне насустрач. Дазволілі нешта не граць, дзесьці замянілі. Час усё змяніў, я стала проста актрысай, якая не вядзе, і цалкам не паруся з гэтай нагоды. У мяне ніколі не было нейкіх карон на галаве, што ўсе ўкленчаць ля маіх ног і скажуць: "О, вялікая скаральніца Мельпамены, Аня Хітрык" (смяецца).
Еўрарадыё: Добра, у цябе ёсць новая прафесія, а чым будзе займацца твой муж, акцёр?
Ганна Хітрык: Я не ведаю. Але ведаю, што ў мяне добры муж, які з'яўляецца вельмі добрым бацькам нашаму дзіцяці. Упэўненая, што ён не будзе проста ляжаць на канапе, і ўпэўненая, што ўсё будзе проста добра. Бо цяпер што-заўгодна можна прыдумаць! Хаця, калі мы прыедзем туды, трэба будзе збіраць паперкі, будзе незнаёмая мова і незнаёмыя людзі, Сцёпа нічога не зразумее. І мы не ведаем, як гэта будзе. Можа, ён будзе плакаць, а можа, раз, і загаворыць на іўрыце праз тры дні! Я не люблю доўгатэрміновыя планы.
Еўрарадыё: Сцёпа ведае пра пераезд? Як ён да яго ставіцца?
Ганна Хітрык: Выдатна! Таму што Сцёпа не разумее, што ён паедзе "араць". Ён быў у Ізраілі, усё яму ўсміхаліся, дарылі ўсякія штукі. Плюс, калі з ім там займаліся, мы не працавалі, заўсёды былі з ім. А для яго гэта самая вялікая ўзнагарода. Я кажу: "Сцёпа, ты разумееш, што ты будзеш хадзіць там у садок?". "Мама, ты жартуеш", — адказвае. Ён ненавідзіць апранаць курткі, так што, яму там будзе добра.
Еўрарадыё: Як успрынялі калегі з тэатра навіну пра ваш ад'езд?
Ганна Хітрык: Мяркую, што калегам з тэатра глыбока не ўсё роўна, што з намі адбываецца (смяецца). Не ведаю. Мне ніхто не тэлефанаваў і нічога не казаў. Мікалай Мікалаевіч Пінігін прыняў ўсё так, як я гэтага хацела ў марах. Не ўзрадаваўся, але і не сказаў: "Блін". Мяне пару чалавек абвінавачвалі, што я спецыяльна кажу добрае пра яго, каб выслужыцца. Але цяпер-то мне гэта не трэба, я практычна не працую ў тэатры, і хутка ўжо не буду працаваць там наогул. Гэта ўнікальны чалавек, ён для мяне быў заўсёды важны, я яго дзіка баюся. Ён сказаў патрэбныя рэчы, сказаў, як мне здаецца, па-бацькоўску.
Разумею, што пройдзе час, і ніхто не будзе памятаць, хто такая Аня Хітрык
Еўрарадыё: З тваім тэатрам усё больш-менш ясна. Што будзе з гуртом, з музыкай?
Ганна Хітрык: Нядаўна я піла алкаголь па "Скайпе" з Юляй Глушыцкай, нашай віяланчэлісткай. Мы сябруем вельмі шмат гадоў, яна жыве ў Маскве, у Юлі самой дзіця з асаблівасцямі, і мой ад'езд для нас абодвух — гэта сур'ёзны ўдар. Мы чокаліся ў "Скайп", напіліся, і вырашылі, што я абавязкова прыеду на канцэрт. Абавязкова. Я не ведаю, каму гэта будзе трэба на той момант акрамя нас. Але чаму не? Не ў сэнсе, што я прыеду "зорка з Ізраіля". Я выдатна разумею, што пройдзе час, і наогул ніхто не будзе памятаць, хто такая Аня Хітрык... Я спадзяюся, што хтосьці будзе мяне чакаць, вельмі спадзяюся.
Буду працаваць з асаблівымі дзецьмі і буду пісаць асаблівыя песні
Еўрарадыё: Ці не збіраешся працягнуць музычную дзейнасць у Ізраілі з новымі музыкамі?
Ганна Хітрык: Я не думала пра новых музыкаў, але думала пра тое, што музыка можа мне дапамагчы ў працы з дзецьмі, дзе я, як тэрапіст, выкарыстоўваю свае песенькі. Дзецям часцей за ўсё гэта падабаецца. Я казала мужу пра тое, што мы можам прыдумаць музычную казку для дзяцей, ідэя спадабалася... Я не змагу жыць без музыкі, гэта проста немагчыма! Справа не ў тым, што я нейкая "зорка", і на мяне ходзяць людзі, а ў тым, што я не магу. Дзеткі будуць слухаць, іх бацькі будуць слухаць — гэта вялікае шчасце, калі ты трапляеш у чалавека. Окей, я буду працаваць з асаблівымі дзецьмі, я буду пісаць асаблівыя песні.
Еўрарадыё: Ты кажаш, што з цягам часу ў Беларусі з'явяцца спецыялісты, якія дапамогуць дзецям з аўтызмам. Але якія крокі робяцца цяпер, каб гэтым дзецям было прасцей жыць?
Ганна Хітрык: У нас выдатныя бацькі. Ёсць майстэрня Тані Галубовіч, зробленая бацькамі, падкрэсліваю. Ёсць Цэнтр дапамогі аўтычным дзецям, у якім я працавала, і ён таксама зроблены бацькамі. Вось калі ўсё гэта зрасцецца з ініцыятывай дзяржаўнай улады, калі будзе зыходзіць ініцыятыва ад іх, а не мы, як дзятлікі, будзем хадзіць і дзяўбці гэтую сцяну, тады ўсё будзе добра. Пакуль жа хлопцы і дзяўчаты збіраюць грошы для таго, каб паехаць вучыцца і працаваць з такімі дзецьмі. Я такім людзям кланяюся, таму што не ўсе яны сутыкнуліся з гэтай праблемай, як я, каб балела і плакала. Яны проста добрыя людзі. Але вельмі патрэбныя магутныя фінансавыя ўліванні. Трэба ўсё перавярнуць і памяняць. Гэта не вырашыць нейкая цётка або дзядзька, а круглы стол на чале з каралём Артурам. Гэта цяжкі крок, але яго неабходна зрабіць. Таму што далей будзе толькі горш. Але я паспрабую зрабіць вельмі шмат у гэтым плане для нашых дзяцей.
Мы казалі, што трэба валіць, калі атрымлівалі зарплату ў тэатры
Еўрарадыё: Калі б Сцёпа быў звычайным дзіцём, вы б сабраліся з'язджаць з Беларусі?
Ганна Хітрык: Я б не даведалася пра свае ізраільскія карані! Я і пра аўтызм не ведала б. Я б была з тых цётак, якія чытаюць пра аўтызм, таму што пра яго ўсе пішуць, і рабіла б ахвяраванні. Наўрад ці б паглыбілася ў праблему і змяніла сваё жыццё. І вядома, мы б нікуды не пераехалі. Такая думка ў галаву не прыходзіла. Мы казалі, што трэба валіць, калі атрымлівалі зарплату ў тэатры. А потым, як любы беларускі чалавек, да ўсяго прывыкалі.
Еўрарадыё: Адчуваць тое, што праз месяц усё зменіцца, балюча?
Ганна Хітрык: Страшна. Проста па-дзіцячы... крыўдна, калі хто-небудзь кажа: "Ты падумала пра тое, што ты губляеш!?" А я думаю: "А вы не падумалі, што я магу набыць?". Для мяне дзіўна, калі людзі трымаюцца за ўсё на свеце, нават калі ў іх, па сутнасці, асабліва няма за што трымацца. Можа быць, нас так навучылі, што лепш сініца ў руцэ?
Еўрарадыё: Што ты абавязкова з сабой бярэш у Ізраіль?
Ганна Хітрык: Некалькі любімых кніжак, якія патрэбныя ў працы з дзецьмі, некалькі кніг для Сцёпки. Сярожа бярэ гітару, я — мікрафон, маленькую скрынку з дыскамі, каб дарыць, кеды і яшчэ ровары. А яшчэ відэльцы-лыжкі.
Еўрарадыё: Ганна Бонд пытаецца: "Што для вас патрыятызм і любоў да радзімы?"
Ганна Хітрык: Толькі людзі. Больш нічога. Калі ёсць людзі, якія вераць у людзей, для мяне гэта патрыятызм і краіна. Я жыву тут, я беларуска, і мне падабаецца Маша не таму што кучаравая, а таму што я ведаю, што ў яе прыгожая душа. Гэта праява майго патрыятызму. Ведаеце чаму? Таму што Маша — беларуска. Толькі таму. Не з-за дарог, не з-за хатак, рыбак у вадзе, не з-за лясоў і ьуслоў. Для мяне патрыятызм і любоў да сваёй радзімы — гэта павага да людзей, якія тут працуюць і хочуць зрабіць сваю краіну лепшай. Людзі, якія размаўляюць па-беларуску, калі размаўляюць ад душы, а не каб зарабіць бабла, для мяне — гонар і мой народ. Я не магу цяпер гаварыць па-беларуску, таму што хвалююся і кажу на вельмі балючыя для сябе тэмы. Я ўсміхаюся, але, спадзяюся, вы настолькі разумныя, што разумееце, як для мяне гэта цяжка. Але калі б мы гаварылі пра Купалаўскі і пра ролі, я б залівалася песняй.