ХК "Дынама-Мінск": легіянеры пагадзіліся на зніжэнне заробкаў
ХК "Дынама-Мінск" заявіў, што дасягнуў пагаднення аб працягненні кантрактаў з Шэйнам Прынсам, Франсісам Парэ і Дэні Тэйларам. Гендырэктар клуба Дзмітрый Баскаў паведаміў, што згаданыя легіянеры пагадзіліся на зніжэнне заробкаў. "Каб выціснуць максімум з наяўных у нас даволі сціплых магчымасцяў, мы актыўна аптымізуем выдаткі", — кажа ён. Баскаў удзячны ўсім гульцам, якія пайшлі насустрач у гэтым пытанні.
"Гэта паказвае іх матывацыю гуляць у "Дынама" і ў нацыянальнай зборнай Беларусі, якая разглядае ўсіх траіх [форвардаў Прынса і Парэ, а таксама брамніка Тэйлара] у якасці кандыдатаў на ўзмацненне складу перад хатнім чэмпіянатам свету", — цытуе словы гендырэктара дынамаўская прэс-служба.
Каб выступаць на чэмпіянаце свету 2021 года за беларускую зборную, згаданым хакеістам трэба прайсці каранцін — адыграць яшчэ адзін сезон за мінскае "Дынама".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.