І забылі ўсё, як у "Людзях у чорным": вясёлая нарада пасля выбараў
Фота выбарчага ўчастка носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё
Слухачы Еўрарадыё перадалі ў рэдакцыю відэа, запісанае пад вокнамі ўчастка для галасавання №9 у Партызанскім раёне Мінска. Запіс зроблены 9 жніўня, у асноўны дзень галасавання на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах.
Па словах нашых крыніц, у кабінеце прысутнічаюць старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Іна Чадзеева, яе намеснік Аляксандр Жалудкоў і сакратар камісіі Кацярына Капроўская. Яны весела абмяркоўваюць, як сёння ж забудуць усё, што было на выбарах.
"Ніякіх каментароў нідзе. Ні сваякам, ні наогул. Вы нічога не бачылі, нічога не ведаеце!" — інструктуе жаночы голас.
"Як у фільме "Людзі ў чорным": дастаць акуляры і — піў!" — адказвае мужчынскі голас.
Пра што гэта яны?
"Я на вас спадзяюся, таму што я вас усіх ведаю!" — працягвае жанчына. Сёлета праходзяць ужо трэція выбары, на якіх Чадзеева ўзначальвае ўчастковую выбарчую камісію. На мясцовых выбарах 2018 года з ёй ужо працавала — сакратаром камісіі — Капроўская. А на парламенцкіх выбарах 2019 года да іх далучыўся Жалудкоў.
Дамаўляцца ўсё забыць пасля выбараў — гэта так весела!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.