Ідэалагічна несумяшчальныя плыні аб’ядналіся, каб здзейсніць мару Лябедзькі
Каб вярнуць беларусам выбары Лябедзька, Калякін і Карняенка “скінуліся” і сабралі ў адной “камеры” левых, правых і цэнтрыстаў.
Лічаныя дні застаюцца да чарговай выбарчай кампаніі і беларуская апазіцыя заварушылася. Следам за кааліцыйным трыумвіратам “Народны рэферэндум” частка “недаяднаўшыхся” стварыла свой альянс – “За сумленныя і справядлівыя выбары для лепшага жыцця “Талака”. Афіцыйны старт новай кааліцыі далі дэлегаты “ад дэмсіл” з рэгіёнаў краіны падчас канферэнцыі ў сталічным гатэлі “Мінск” 22 верасня.
Але калі каму падалося з назвы, што мэта яе - назіранне за выбарамі, то ён памыляецца, адразу папярэджвае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька: “Назіранне – гэта ўвогуле 25-ы прыярытэт! Мы не збіраемся хадзіць па палітычным мелкаводдзі. А назіранне – гэта адна з маленькіх кампаній, якая не ўплывае на сітуацыю ў Беларусі. Мы хочам людзям патлумачыць, што тыя праблемы надзённыя, якія ў іх ёсць, іх можна вырашыць толькі праз правядзенне сумленных і справядлівых выбараў. Мы гаворым: наша галоўная задача – вярнуць людзям права выбару. Усё!”
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька
І ў якасці прыкладу згадвае выбары пачатку 90-х гадоў. Маўляў, выбары і тады былі “дрэннымі”, але тады хаця б галасы лічылі. Зараз і таго няма. Калі ж выбары народу вярнуць, упэўнены Лябедзька, то апазіцыянеры гарантавана будуць абірацца дэпутатамі рознага ўзроўню і не менш гарантавана будуць вырашаць усе надзённыя праблемы людзей. Ад добраўпарадкавання двароў да падвышэння ўзроўню жыцця кожнай асобна ўзятай беларускай сям’і.
І нават дабрабыт дзяржавы залежыць ад свабодных выбараў, упэўнівае экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Банданкевіч.
Станіслаў Багданкевіч: “Валавая знешняя запазычанасць у параўнанні з 2007 годам вырасла па краіне ў 5 разоў, дзяржаўная запазычанасць – у 20 разоў. Больш чым у 2 разы ўпалі рэзервы банкаўскай сістэмы, рэзервы Нацыянальнага банка пры гэтым упалі на 7,7%. Цэны растуць на ўсё: і на хлеб, і на малако, і на мяса, і на цукар, і на гарэлку, і на піва. Вось куды мы ідзём. Таму, нам трэба мяняць уладу, неабходна абнаўленне ўлады і на мясцовым узроўні, і на ўзроўні ўсёй краіны”.
Экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч
Адначасова, дадае былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, неабходна змяняць і выбарчае заканадаўства, і нават сённяшнюю Канстытуцыю. Выглядае на тое, што сябры новаўтворанай кааліцыі маюць не малыя амбіцыйныя мэты.
Хто ж аб’яднаўся пад дахам кааліцыі з такой цяжка запамінальнай і не вельмі зразумелай назвай? І левыя на чале з Сяргеем Калякіным ды “Справядлівым светам”, і правыя з АГП, і былыя бэнээфаўцы, якіх прадстаўляў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларускі рух” Вінцук Вячорка, і жанчыны з “Надзеі”, і моладзь з "Маладой Беларусі" з Артурам Фінкевічам, і іншыя.
Лідар "Маладой Беларусі" Артур Фінкевіч
Праўда, самі “аб’яднанты” не разумеюць, чаму немагчыма аб’яднаць пад адным дахам ідэалагічна несумяшчальнае.
“Гэта можна параўнаць з тым, што людзі розных ідэалагічных поглядаў знаходзяцца ў адной камеры ў турме, – метафарычна даводзіць сваю думку журналісту Еўрарадыё лідар левых Сяргей Калякін. – Іх задача: разламаць гэтую камеру, гэтую сітуацыю, каб выйсці на свабоду, а далей – мець магчымасць агітаваць за свае ідэі. Мы аб’ядноўваем свае высілкі, прыхаваўшы на другі план нашы ідэалагічныя разыходжанні, нашы праграмы”.
Сяргей Калякін і Вінцук Вячорка
Часовага сябра па альянсе падтрымлівае Вінцук Вячорка.
Вінцук Вячорка: “Цяперашні разлом праходзіць не паводле лева-правай шкалы, а паводле стаўлення да гэтага рэжыму. Гэта і ёсць водападзелам палітычных сіл, якія называюць сябе апазіцыйнымі”.
Тым не менш, ужо сёння ў кааліцыі “выбаршчыкаў” ёсць свае пакуль прыхаваныя разыходжанні па стратэгічных пытаннях. Адно з іх – з кім яшчэ можна сябраваць супраць рэжыму?
Да прыкладу, з ліберал-дэмакратамі Сяргея Гайдукевіча ім не па дарозе, запэўнівае Лябедзька. Маўляў, сябры іх кааліцыі ні на якія пагадненні і дамоўленасці з рэжымам не пойдуць прынцыпова, а Гайдукевіч, калі яму прапануюць некалькі мандатаў, з радасцю іх возьме. Іншая справа – калегі па дэмлагеры з “Народнага рэферэндуму” (кампанія "Гавары праўду!", Партыя БНФ, Рух "За свабоду" -- заўв. Еўрарадыё).
Анатоль Лябедзька: “Калі нехта будзе змагацца за сумленныя справядлівыя выбары, то ён не можа ніяк разглядацца як канкурэнт. Гэта тая пляцоўка, на якой хопіць месца ўсім”.
Іншы погляд на супрацу з альянсам “Народны рэферэндум” у Вінцука Вячоркі.
Вінцук Вячорка: “Калі мы гаворым пра палітычнае аб’яднанне, а трэба ставіць перад сабой такія амбітныя мэты, і стратэгічныя мэты – змена ўлады, ухіленне з Беларусі дыктатуры, то людзі, якія дапускаюць сужыццё з дыктатурай, якія дапускаюць, што дыктатура ёсць гарант незалежнасці – не, мне з імі не па дарозе”.
Вінцук Вячорка
Не выключана, што крыху пазней узнікнуць непаразуменні па пытанні ўдзелу-няўдзелу ў выбарах. А пакуль, гэтыя, як існуючыя, так і патэнцыйныя, разыходжанні выявіліся толькі ў тым, што падчас галасавання па Мемарандуме альянсу Вячорка і яго пяцёра паплечнікаў “устрымаліся”.
Што да грашовага пытання, то, па словах Анатоля Лябедзькі, ніякага замежнага фінансавання новаўтвораны альянс не атрымаў. Нібыта, першапачатковы фонд на яго дзейнасць быў створаны за кошт асабістых унёскаў яго, Сяргея Калякіна, Віктара Карняенкі ды яшчэ шэрагу актывістаў.
На заканчэнне Анатоль Лябедзька падзяліўся сваёй самай вялікай марай: каб іх кааліцыя як хутчэй... распалася. Дасягнуўшы сваёй мэты – сумленных і справядлівых выбараў.
Фота: Змітра Лукашука