Інтэрнэт-крамы: Кошты спачатку скокнулі, а цяпер трохі падаюць

"Сёння набыў грэчку, 18 тысяч за кілаграм. Самая звычайная грэчка — заўсёды яе бяру, раней каштавала 14 тысяч рублёў, і гэта не кілаграм, а толькі 800 грамаў", — распавядае знаёмы. Ён жыве ў мікрараёне Сухарава.

Кіруюся ў супермаркеты ў сваім Заводскім раёне — гэта "Рублёўскі", "Еўраопт" і "Прадукты".

Грэчка ва ўсіх трох крамах, як і іншыя крупы на здзіўленне не падаражэлі — 700-800-грамовыя пакеты каштуюць у раёне 10 000 рублёў. Нават спагеці беларускай вытворчасці, якія заўсёды бярэ нашая сям'я, пакуль такія ж па кошце, як і былі. Ранейшымі засталіся кошты на муку, цукар, манку, фасолю і гарох. А вось алей у "Еўраопце" падаражэў адразу на тысячу — да 15000 рублёў.

"А мы па 14 000 набывалі гэты алей, а цяпер ужо 15-ць, ды яшчэ і не літр, а толькі 900 мілілітраў", — расчаравана кажа мне пакупніца Алена. Яна заўважыла, што кошты выраслі на кансерваваны гарошак ды кукурузу — да Новага года ён каштаваў 8800, а цяпер 9800 рублёў за банку.

Віно ды гарэлка стаяць у крамах па ранейшых коштах, а вось калі да Новага года паўтара літра беларускага піва можна было купіць за 19−21 000 рублёў, дык цяпер за гэтую суму можна разлічваць толькі на літр такога ж піва.

Фаршы, кураціна, свініна пакуль прадаецца па ранейшых коштах.

Але кошты на шампіньёны змяніліся: замарожаных грыбоў (яны таннейшыя) няма ўжо мінімум два тыдні, а свежыя прыходзяць па 46 000 за кілаграм. Раней кошты на свежыя шампіньёны вагаліся ў межах 36-38 000 за кілаграм.

Садавіны-гародніны ў "Еўраопце" багата: ёсць іспанскія памідоры, турэцкія агуркі, можна выбраць ківі, апельсіны, мандарыны, і нават вінаград. Кошты на гэтую садавіну не змяняліся даўно. А вось ананасы да Новага года ў "Еўраопце" каштавалі каля 15900 рублёў за кіло. Цяпер ужо каля 25 000.

У гэтым жа раёне ёсць крама сэканд-хэнду. У суботу раніцай тут не вельмі шмат людзей. Жаночую кофту тут можна набыць за 100-150 000 рублёў, штаны выйдуць у гэтую ж суму, сукенку можна знайсці за 60-150 000 рублёў, вісяць танныя майкі ды кашулі — па 30-50 тысяч за штуку. Прадаўшчыца спадзяецца, што кошты ў новым прывозе, а ён адбудзецца праз тыдзень, не зменяцца.

"Сёння выбар маленькі — ўсё разабралі. А вы прыходзьце ў дзень прывозу: тады да прымерачных не падабрацца, — тлумачыць мне прадаўшчыца невялікі наплыў пакупнікоў. — Мне здаецца, што ў нас кошты не моцна вырастуць, дакладней, я спадзяюся, што не вырастуць. У нас вельмі шмат пакупнікоў, асабліва калі прывозяць новыя рэчы. Многія закупляюцца на ўсю сям'ю, мы пастаянных кліентаў ведаем у твар — не хацелася б іх згубіць".

Абзвоньваю інтэрнэт-крамы. Прадаўцы аўтазапчастак мне кажуць, што на маю машыну застаўся адзін камплект неабходных дэталяў, а патрэбна чатыры! Прадавец гатовы замовіць запчасткі на наступны тыдзень, але ўжо па новых коштах: калі раней адзін камплект каштаваў 180 тысяч рублёў, дык цяпер — 220 000 рублёў.

"Кошты на аўтакрэслы падняліся неверагодна! Асабліва пасля таго, як за адсутнасць крэсла пачалі даваць штрафы, — кажа мне сяброўка з Лунінца. Дзяўчыне патрэбныя два дзіцячыя крэслы, бо за іх адсутнасць даюць не маленькі штраф. — Выбіраю іх у каталогу — розніца ў цане двух аднолькавых крэслаў — 400 тысяч! Хоць раней можна было знайсці за 800 000—100 0000 рублёў. А цяпер мільён — мінімальны кошт! Я разумею, той хто прадае крэсла за мільён — яму выгадна, а той хто за паўтара — яму пэўна яшчэ больш выгадна? Колькі ж можна!".

Кошты ў крамах бытавой тэхнікі таксама паціху растуць: дзе на 100−200 тысяч рублёў даражэй, а дзе і на паўмільёна адразу.

"Нам пастаўшчыкі самі прысылаюць тавар ужо па новых коштах, тысяч на 100−200 даражэй, чым было, — асцярожна кажа мне кансультант інтэрнэт-крамы бытавой тэхнікі, але калі чуе, што ў іншых крамах такая ж сітуацыя, працягвае смялей. — Некаторыя пазіцыі і больш, чым на паўмільёна падаражэлі, але потым зноў трохі патаннелі. Знізілася таксама і колькасць пакупнікоў: адбываецца спад як заявак, так і цэн: мы арыентуемся на пакупнікоў. Зразумела, ніхто не будзе трымаць такія кошты, калі ніхто не будзе тэхніку па гэтых коштах браць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі