Іпэшнік на Імпульсе: Людзі чакаюць жыроўкі, а мы чытаем кнігі

Іпэшнік на Імпульсе: Людзі чакаюць жыроўкі, а мы чытаем кнігі

Аўторак. Сярэдзіна лютага. Наступны дзень пасля акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У раёне Камароўкі-"Імпульса" як заўжды ўсе спяшаюцца. А калі і забягаюць у некалі папулярны гандлёвы цэнтр "Імпульс" ці новы "Сілуэт", то, хутчэй, з-за цікавасці ці проста пагрэцца.

"Раней мы ў дзесяць адкрываліся і маглі нешта прадаць да абеду, цяпер першыя кліенты прыходзяць а палове на другую. Да гэтага часу мы абсалютна вольныя, ніхто нас не турбуе, нічога нікому не трэба. Пакупніцкая здольнасць цалкам упала", — скардзіцца Ліза, прадавец абутку, які яна возіць з Расіі, і які цяпер можна набыць на 300-400 тысяч танней, чым у снежні.

Ліза распавядае, што нягледзячы на растраты на неабходныя сертыфікаты, яе тавар, наадварот… патаннеў, “бо ўсё адно ніхто нічога не купляе”. А так, хоць надзея ёсць. Суседзі Лізы прадаюць свае боксы і з'язджаюць. Нехта шукае лепшае месца бліжэй да ўваходу ў гандлёвы цэнтр, Ліза ж збіраецца паспрабаваць з сакавіка папрацаваць з беларускім абуткам. Маўляў, навошта ехаць у Маскву, "калі можна ўзяць тут". Калі ж продажаў не будзе, яе крама зачыніцца:

"Усе кошты знізім да 200 тысяч, распрададзім і з'едзем".

Іпэшнік на Імпульсе: Людзі чакаюць жыроўкі, а мы чытаем кнігі

Пра мітынг прадпрымальнікаў, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 15 лютага, Ліза даведалася на наступны дзень. Ні яна, ні яе суседзі па "Сілуэце" на яго не хадзілі. Пра акцыю пратэсту не чула і Мілана, прадавец маладзёжнай вопраткі і абутку.

"Нічога пра гэта не ведаю. Нашы не збіраліся і не збіраюцца пратэставаць. Наша публіка нікуды не пойдзе", — махае рукой дзяўчына. А яе калега Ганна мяркуе, што хадзі-не хадзі, нічога мітынгамі не даб'ешся. Дарэчы, Ганна павысіла кошты на заплечнікі і сумкі, якімі гандлюе, на 20 тысяч.

Бакавыя гандлёвыя шэрагі "Сілуэта" уражваюць закрытымі боксамі і пустатой. Але ў цэнтры большасць кропак адкрытыя. Паўсюль шыльды "Ліквідацыя!", "Распродаж!", "Акцыя!", хаця пакупнікі ў крамках — рэдкасць.

Іпэшнік на Імпульсе: Людзі чакаюць жыроўкі, а мы чытаем кнігі

У "Імпульсе" карціна нічым не адрозніваецца ад "Сілуэта". На трэцім паверсе паміж закрытымі боксамі гуляе вецер. На другім прадаўцы ў большасці сваёй адмаўляюцца размаўляць з журналістамі, бо занятыя... чытаннем кніг і газет.

"Сядзім, павышаем узровень інтэлекту і адукаванасці", — іранічна заўважае Таццяна, у мінулым выкладчыца рускай мовы і літаратуры. — Пакупнік за дзень можа не прыйсці ўвогуле. Улічваючы, што мы працуем у цэнтры Мінска, заўсёды людзей тут было дастаткова, цяпер няма розніцы, што буднія дні, што выхадныя. Пры гэтым кошты ніхто не ўздымаў. Незалежна ад таго, ці сертыфікаваны тавар, ці змяняецца курс долара, кошты засталіся на ўзроўні коштаў лета-восені 2015-га года".

Арэнда бокса ў шэсць квадратных метраў абыходзіцца Таццяне ў 15 мільёнаў у месяц. Апроч гэтага, яна плаціць падатак, увазны ПДВ, набывае сертыфікаты, робіць унёскі ў фонд сацабароны. Каб выйсці ў нуль, прадпрымальніца мусіць прадаваць у дзень тавараў на мільён трыста. Сёння гэта фантастыка:

"Гэта сапраўды крызіс. Дагэтуль усе дэвальвацыі, крызісы мы праходзілі пры стабільнай працы ў людзей і пры стабільных заробках. Калі месяц, два, тры была нейкая нявызначанасць, усе ведалі, што выкарабкаемся, што ўсё стабілізуецца, стане на свае месцы. А тут чуеш, што таго скарацілі, у таго заробкі зменшыліся... У апошні час пакупнікі заходзяць, вітаюцца, размаўляюць і кажуць: "Так. Але мы чакаем жыроўку!". Усё! Наша праца рэальна згубіла сэнс".

Іпэшнік на Імпульсе: Людзі чакаюць жыроўкі, а мы чытаем кнігі

Таццяна прызнаецца, што наведала апошнюю выставу Беллегпрама. Але да прапановы чыноўнікаў гандляваць беларускімі таварамі ставіцца скептычна: хто пойдзе іх набываць у іпэшніка, калі такога валам у ГУМах і ЦУМах?

"Вось гэтая наканаванасць, веданне, што нас не пачуюць, робіць акцыі пратэсту бессэнсоўнымі, Таццяна не бачыць сябе ў ролі мітынгоўца. — З іншага боку, мы разумеем тых, хто на плошчу прыйшоў: хто працуе ў маленькіх гарадах, дзе ёсць адно-два прадпрыемствы, дзе немагчыма ўладкавацца на працу. Мы ў падобнай сітуацыі: нехта вучыць дзяцей, нехта плаціць крэдыт за кватэру... Проста не ведаем, што рабіць далей".

Да 1 красавіка Таццяна плануе распрадаць усе свае ўрачыстыя сукенкі і блузкі і спыніць дзейнасць. Як варыянт, паспрабуе сябе ў ролі рэпетытара, калі зможа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі