Ісламскія лідары: Нападзенні як у Парыжы нясуць шкоду для мусульман

Пасля нападзення на рэдакцыю французскага часопіса "Charlie Hebdo" ісламскія лідары, навукоўцы і проста публічныя асобы адназначна асудзілі злачынствы і любыя падобныя гвалтоўныя дзеянні.

Так, лідар Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў напісаў на сваёй старонцы ў Твітары: “У Грозным асуджаюць тэракт у рэдакцыі Charlie Hebdo”

Савет муфтыяў Расіі і Духоўнае кіраўніцтва мусульман Расіі таксама асудзілі нападзенне на рэдакцыю часопіса ў Парыжы, але і спробы абразы пачуццяў вернікаў таксама. Адзначыўшы, што "грэх правакацыі" можа быць нават больш значны, чым дзеянні "абражаных".

“Магчыма, грэх правакацыі ў нашым свеце не менш небяспечны для захавання міру, чым грэх тых, хто на гэтую правакацыю здольны паддацца”, — гаворыцца ў заяве Савета муфтыяў Расіі і Духоўнага кіраўніцтва мусульман.

Беларуская журналістка і мусульманка Раяна Вольга Чарных распавядае, што амаль усе навукоўцы і лідары ісламскага свету катэгарычна асуджаюць дзеянні тэрарыстаў.

Так, выказванне, старшыні Міжнароднага саюза ісламскіх навукоўцаў, самага паважанага шэйха і навукоўца ісламу Юсуфа Аль Кардаві пра тое, што “мусульманін рэлігійны да таго часу, пакуль не пралье забароненую кроў, як гэта здарылася ў Францыі”, — гэта яскравае тлумачэнне пазіцыі мусульман.

Акрамя таго, шмат якія палітычныя дзеячы, напрыклад, лідары партыі “Ан-Нахда” ў Тунісе, “Браты мусульмане” ў Егіпце таксама катэгарычна асуджаюць злачынства.

Выданне “Беларусский Журнал” піша пра тое, што адзін з самых вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў ісламскага свету Тарык Рамадан назваў нападзенне “здрадай усяму ісламскаму свету”. Паводле яго слоў, тыя, хто нападаў, хутчэй за ўсё, былі маргіналамі-адзіночкамі, яны не маглі прадстаўляць інтарэсы ісламу і мусульман, таму што “ад нападзення мы пацерпім толькі страты — нічога больш”.

Разам з тым і Сакратар Міжнароднага саюза ісламскіх навукоўцаў Алі Мух’ядзін аль Кур Дагі мяркуе, што падобныя нападзенні “нясуць толькі шкоду для мусульман”. Паводле яго слоў, “падобныя злачынствы — цяжкі грэх, бо яны распаўсюджваюць смуту, якую асуджае і іслам, і ўсе сусветныя рэлігіі”.

“Мы, мусульмане, замест зброі мусім выкарыстоўваць дыялог і дыскусію, паказваючы лепшы прыклад. Якія б пазіцыі не вылучала гэтая газета, мы не мусім вырашаць пытанне кровапраліццем. Калі прарок Мухамед і яго бліжэйшы сябар Абу Бакр чулі абразы ў адрас прарока, яны прамаўчалі. І варта было Абу Бакру адказаць крыўдзіцелю, прарок неадкладна ўстаў і сышоў, патлумачыўшы гэты ўчынак тым, што як толькі прагучаў адказ на абразу, анёлы пакінулі пакой. І лепш для мусульманіна прамаўчаць”.

Прадзюсер праграмы “Шарыят і жыццё” на канале Al Jazeera доктар Маатаз Аль Хаціб назваў нападзенне на журналістаў выключна палітычным актам. Паводле яго слоў, гнеў — самая простая зброя маніпуляцыі.

“Некаторыя партыі і сілы выкарыстоўваюць гнеў у сваіх палітычных ці непалітычных мэтах. Напрыклад, Хасан Насрала заклікаў да пратэстаў у Ліване, каб палепшыць свой імідж, які сур'ёзна пацярпеў з-за яго падтрымкі Башара аль-Асада ў Сірыі. У Егіпце, Лівіі і Тунісе ёсць тыя, хто імкнецца дэстабілізаваць цяперашнія ўрады, нападаючы на амбасады замежных дзяржаў. Ёсць некаторыя апаненты ўрада, якія здзяйсняюць злачынствы для ўзмацнення напружання ў адносінах са Злучанымі Штатамі”, — піша “Беларусский Журнал”.

Муфцій Беларусі Алі Варановіч, таксама распавядае, што не падтрымлівае тых, хто здзейсніў тэракты ў Парыжы, але і жартаваць з рэлігіі нельга.

Муфцій мяркуе, “што такія рэчы, як жарты з рэлігіяй, трэба караць. Караць законным чынам, асуджаць. А бязмежная свабода сумлення можа прывесці і да такіх вынікаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі