У Беларусі з-за непагадзі сотні населеных пунктаў былі без электрычнасці
Энергетыкаў перавялі на ўзмоцнены рэжым працы
У Беларусі з-за непагадзі сотні населеных пунктаў былі без электрычнасці. Прычынай сталі моцныя дажджы і шквалісты вецер, парывы якога дасягалі 25-27 м/с. На лініі электраперадачы падалі дрэвы і галінкі, з-за чаго адбываліся абрывы, ёсць выпадкі пашкоджання апор.
Адключэнні зафіксаваныя пераважна ў Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. Найбольш пацярпелі Гомельскі, Пастаўскі, Мінскі, Гродзенскі, Іўеўскі, Мядзельскі і Полацкі раёны. Без электрычнасці заставаліся 1874 трансфарматарных падстанцыі, 38 фермаў. З 566 населеных пунктаў, у якіх знікала электрычнасць, на раніцу 29 ліпеня аднаўленчыя працы працягваюцца яшчэ ў 165. Энергетыкаў перавялі на ўзмоцнены рэжым працы. У апошнія суткі працавала 108 аварыйных брыгад. Складаныя ўмовы надвор'я захаваюцца і ў панядзелак.
Энергетыкі днямі вярнулі электрычнасць у апошні населены пункт, што пацярпеў ад урагану. І вось з'явіліся новыя праблемы.
Ратавальнікі пішуць, што пацярпеў 1 населены пункт у Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе быў пашкоджаны дах аднаго жылога дома. Зафіксаваны 91 выпадак падзення дрэў: у Брэсцкай (13), Віцебскай (6), Гомельскай (2), Гродзенскай (39), Мінскай (18) абласцях і ў горадзе Мінску (13). Паваленымі дрэвамі пашкоджаныя 5 аўтамабіляў: у Гродне (1) і Мінску (4). Пацярпелых няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.