Італьянская амбасада захапіла дваровую паркоўку ў цэнтры Мінска
Жыхары шматпавярховых дамоў, размешчаных у Ракаўскім прадмесці ў Мінску, скардзяцца на самавольны захоп паркоўкі ў іх двары, піша abw.by. "Захопнікам" выступіла амбасада Італіі, размешчаная непадалёк.
Незадавальннне выказваюць жыхары дамоў №№ 11, 13, 15 па вуліцы Вызвалення і дома №20 па вуліцы Ракаўскай. Па іх словах, нядаўна на паркоўцы, якая належыць гораду, з'явіўся знак, які забараняе паркавацца там усім аўто, акрамя дыпламатычнага аўтатранспарту.
Каля іх дамоў не вельмі даўно паставілі будынак па адрасе вуліцы Вызвалення, 9. Уласнікам будынка з'яўляецца ЗАТ "Будэнерга", яно здала частку памяшканняў італьянскай амбасадзе. Пасля гэтага амбсада паставіла на паркоўцы на 10 месцаў знак "Паркоўка забароненая, акрамя дыпламатычнага транспарту на ўсёй пляцоўцы".
Мінчукі кажуць, што дыпламатычных аўтамабіляў на паркоўцы амаль не бывае. Затое там паркуецца кіраўніцтва ЗАТ "Будэнерга".
Жыхары звярнуліся ў Мінгарвыканкам, каб высветліць ці законна пастаўлены знак. Чыноўнікі адказалі ім, што дакументаў на знак у ДАІ няма, а зямля адведзена пад абслугоўванне жылых дамоў.
"Дадзены ліст быў уручаны кіраўніцтву ЗАТ "Будэнерга", ДАІ Цэнтральнага раёна г. Мінска, адміністрацыі Цэнтральнага раёна з просьбай дэмантажу знака. Аднак усё дарэмна", — скардзяцца мінчукі. Больш за тое: калі жыхары запаркаваліся на сваёй паркоўцы, не зважаючы на незаконны знак, іх аштрафавалі за парушэнне ПДР.
25 студзеня жыхароў дамоў запрасілі ў ДАІ Цэнтральнага раёна для разбіральніцтва.