“Калі не выплаціце грошы ў тэрмін, будзеце плаціць 6% пені. За дзень”

У падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна сталіцы Еўрарадыё тлумачаць, што працэнт за пеню залежыць ад стаўкі рэфінансавання. Можа нават зменшыцца, калі паніжаецца стаўка рэфінансавання: 

“0,0653 — на сёння пеня. Колькі стаўка рэфінансавання мянялася, мо разы чатыры ўжо за гэты год, і працэнт пені… змяншаўся”.

Да прыкладу, за пратэрмінаваны падатак за здачу кватэры ў наём — 95 000 рублёў — на тры дні давядзецца заплаціць амаль 200 рублёў пені ў дзень. У падатковай Маскоўскага раёна кажуць, што нават за месяц пратэрміноўкі падаюць у суд:

“Месяц не заплацілі, і першага чысла мы падаём у суд. Мы пяню лічым, і дзяржпошліну вінаватыя яшчэ плацяць. І ўсё”.

У даўжнікоў па квартплаце — 0,3% за кожны дзень пратэрміноўкі. Падлічваю, што за тыдзень пратэрміноўкі набяжыць трохі меней за 2 тысячы рублёў, а за месяц — долар!

“Налічвае ўсё аўтаматычна камп’ютар. Але там капейкі”, — кажуць Еўрарадыё ў Разлікова-даведкавым цэнтры № 1 Цэнтральнага раёна. 

Шукаю далей, і атрымліваю, што нават бібліятэкі штрафуюць, калі кнігу вернеш пазней! Кошты немаленькія — большыя, чым у падатковай: 800 рублёў за дзень бяруць у Мінскай бібліятэцы імя Пушкіна. За год атрымліваецца амаль 300 тысяч! На тры кнігі хопіць!

А ў Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы пратэрміноўка каштуе 50 рублёў дзень, аднак там за гэта палохаюць… судом!

“Мы можам нават у суд падаць, а што вы думаеце. Бібліятэка нясе страты — канечне, у суд”, — палохаюць у Баранавічах. Але я не разумею, за што суд — за 18 тысяч рублёў у год?

Даражэй атрымліваецца пратэрміноўка па пазыцы, узятай у банку. Калі ў вас стаўка 28,5% па крэдыце, дык падвойная стаўка будзе 57%. 

“У выпадку непагашэння пазыкі кліент павінен аплаціць падвышаныя працэнты ў памеры двайной дзеючай працэнтнай стаўкі за кожны дзень пратэрміноўкі на суму пазыкі! Але вашыя 57% за год!” — тлумачаць Еўрарадыё ў "Беларусбанку".

Калі, да прыкладу, вы штомесяц плаціце 4 мільёны па крэдыце, дык за пратэрмінаваны крэдыт пад  28,5% гадавых, пеню будзеце плаціць прыкладна 6 000 рублёў. За месяц — амаль 200 тысяч звыш крэдыта!

Самыя ж высокія працэнты па пені — у канторах, што прадастаўляюць хуткія грошы. Тут даюць 1 мільён на месяц. За гэты час набяжыць 600.000 толькі па працэнтах. За пратэрміноўку налічаць яшчэ і пеню!

“А калі вы пратэрмінуеце выплату, мы вам налічым 6% пяні за кожны дзень. За дзень гэта будзе 96 тысяч”. 

За месяц такой гульні вам налічаць амаль 3 мільёны толькі пені!

Атрымліваецца, калі ўзяць мільён да заробку, у наступны месяц можна аддаць увесь свой заробак толькі за пеню і працэнты!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі