"Калідоры забітыя хворымі": лекары і пацыенты пра новую хвалю COVID у Беларусі

Каранавірус у Беларусі / sb.by​
Каранавірус у Беларусі / sb.by​

"Усе 12 ложкаў у рэанімацыі — пад кавід. Хворыя змяняюцца вельмі часта. І не таму, што папраўляюцца", — апісвае абстаноўку ў медустанове лекар Наваполацкай бальніцы.

Нават па афіцыйнай статыстыцы Мінздароўя, колькасць тых, хто захварэў на каранавірусную інфекцыю, у гэтыя дні б'е антырэкорды мінулага года. А восень толькі пачынаецца. Еўрарадыё пытаецца ў пацыентаў і лекараў, як яны спраўляюцца з новай хваляй захворвання.

Толькі экстранная дапамога і кавід
 

Бальніцу горада Наваполацка ўжо перапрафілявалі пад "кавідны шпіталь". Планавыя шпіталізацыі адмененыя, прымаюць толькі "экстранных" пацыентаў і тых, у каго складанае праходжанне COVID-19.

“Коридоры забиты больными”: врачи и пациенты о новой волне COVID-19 в Беларуси
Наваполацкая бальніца / novaya.by

— Ідзе вялікі рост хворых. На кавід працуюць ужо некалькі аддзяленняў. У рэанімацыі 12 ложкаў — пад каранавірус. Хворыя там змяняюцца вельмі часта. І не таму, што папраўляюцца... Карацей, нічога добрага, — расказвае лекар бальніцы, які працуе з "кавіднымі" пацыентамі.

— Ці адчуваецца нястача медперсаналу?

— Лекараў ніколі не было досыць, цяпер — тым больш. Вось, напрыклад, адзін з уролагаў пайшоў у інфекцыяністы.

Даплаты за працу з каранавірусам пакуль ёсць, але разлічваюцца яны так: калі сёння ёсць кантакт з COVID-19, то даплачваюць за гэты дзень. Не так, як было раней, калі ⅔ месяца кантактуеш з такімі хворымі — і заробак за ўвесь месяц разлічваюць паводле "кавіднага" каэфіцыента.

У мінскіх медустановах сітуацыя не менш цяжкая, прызнаецца лекар РНПЦ кардыялогіі: "Сітуацыя такая самая, як на самым піку захваральнасці летась. Каранавірус усюды. Статыстычныя звесткі, вядома, смешныя".

"Кашаль, соплі, усе адно на адным"
 

Ірыніна баба падхапіла каранавірус у адной з мінскіх лякарняў, куды легла на абследаванне праз хранічную хваробу ног. Ірына лічыць, што, улічваючы сітуацыю ў Беларусі, яе бабулі пашанцавала.

— Пашанцавала ў тым плане, што, заразіўшыся каранавірусам, бабуля ўжо была ў лякарні, пад наглядам спецыялістаў. Яе адразу перавялі ў "кавіднае" аддзяленне, паражэнне лёгкіх было 50 адсоткаў. То-бок зрабілі хоць бы ўсе абследаванні і адразу пачалі лячыць. Так бы яна наўрад ці хутка трапіла да лекараў.

Як толькі кісларод аднавіўся — яе выпісалі. Прызначылі медпрэпараты, і цяпер баба лечыцца дома самастойна, — расказвае Ірына.

55-гадовая Анастасія жыве ў Жлобіне. Тыдзень таму яна адчула сімптомы каранавіруснай інфекцыі і звярнулася да мясцовых лекараў. Па яе словах, у медустановах адчуваецца нястача спецыялістаў.

— Прапаў нюх, і паднялася тэмпература. Але яна аказалася недастаткова высокай, каб выклікаць лекара дадому. Давялося самой ісці ў лякарню. Маладая дзяўчына змерала кісларод, адразу прызначыла лекі і адправіла лячыцца дадому.

Тэст на каранавірус так і не зрабілі, хоць я і прасіла, усе сімптомы ў наяўнасці. Здымак лёгкіх таксама не зрабілі. Усе калідоры ў лякарні забітыя людзьмі ў чаканні прыёму лекараў. Сын купіў мне пульсаксіметр, лячылася дома самастойна. Вось ужо пахі аднаўляюцца. Кожны сам сябе ратуе, карацей, — расказвае Анастасія.

“Коридоры забиты больными”: врачи и пациенты о новой волне COVID-19 в Беларуси
Чарга ў паліклініцы Маладзечна / Региональная газета

Наталля са сваім маладым чалавекам каранавіруснай інфекцыяй заразіліся на адпачынку ў Егіпце. Па прыездзе яны адчулі сябе дрэнна і вырашылі звярнуцца да лекара.

— Я спрабавала датэлефанавацца ў паліклініку, але ніхто не падняў трубку. Патэлефанавала на гарачую лінію хуткай дапамогі, растлумачыла ўсю сітуацыю. А мне адказалі, што "трэба было раней думаць і паклапаціцца пра гэта, а не ў суботу".

Тым часам мы зрабілі тэст у прыватнай лабараторыі. Прыйшоў станоўчы, стан пагаршаецца. Выклікалі хуткую дапамогу.

— Хутка прыехала брыгада?

— Праз гадзіну дзесьці прыехалі два маладыя хлопцы. Хлопцу вымералі сатурацыю, мне — не. Ніякага агляду і не было. Прапанавалі адвезці на КТ, але яны самі не змаглі датэлефанавацца хоць куды-небудзь, каб нас прынялі.

Мне патрэбны быў бальнічны, таму праз два дні да мяне прыехалі лекары дадому. Паслухалі, праверылі сатурацыю. Выпісалі вітаміны і кардымагніл. Праз сем дзён на прыём да лекара.

Лекар прымае з 08:00 да 20:00. Я прыйшла ў абед, і чарга была з чалавек 40. Гэта значыць, лекар на трэцім паверсе, а чарга на першым. Людзі сядзяць на падлозе, на вокнах, на прыступках. Гэта тыя, хто на другасны прыём. А тыя, хто толькі з сімптомамі, то там яшчэ горш. Памяшканні без вокнаў, няма паветра, усе ў масках. Дыхаць немагчыма. Кашаль, соплі, адно на адным.

Бальнічны працягнулі на чатыры дні. Лячэнне — вітамінатэрапія. Праз чатыры дні я прыйшла ў 06:40. Да 07:00 чарга на вуліцы. Потым чакаем у памяшканні. Людзей у два разы больш, чым чатыры дні таму. Проста не прайсці. Дзесьці к 14:00 я выйшла, — расказвае Наталля.

Міністр: "Надзвычайнай сітуацыі няма"
 

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 20 верасня заявіў, што "цяпер Беларусь знаходзіцца амаль на самых высокіх лічбах мінулых хваль". Але надзвычайнай сітуацыі, па яго словах, няма.

“Коридоры забиты больными”: врачи и пациенты о новой волне COVID-19 в Беларуси
Вынікі даследавання / Нацыянальная акадэмія навук

Учора стала вядома, што 42,8% апытаных беларусаў ставяцца негатыўна да вакцынацыі ад COVID-19. Адсотак цалкам вакцынаваных грамадзян у Беларусі (15%) значна ніжэйшы, чым у суседніх дзяржавах: у Польшчы — 51%, у Літве — 58%, у Расіі — 28%. 

Як засцерагчы сябе ў час пандэміі
 

Супольнасць лекараў "Белые халаты" рэкамендуе беларусам выконваць наступныя меры прафілактыкі захворвання:

— насіць маскі, пажадана тыпу FFP2. Маска не ёсць стоадсоткавая абарона, але яна зніжае вашыя шанцы сустрэцца з патагенам;

— старанна мыць рукі, не чапаць твар, вочы, нос, рот рукамі;

— сацыяльна дыстанцыявацца: 1,5-2 метры павінна быць паміж вамі і навакольнымі людзьмі ў памяшканні;

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі