Каля Curiosity заўважылі "марсіяніна" ў скафандры (фота)
Гэтае фота было зробленае марсаходам тры гады таму, але на яго звярнулі ўвагу толькі цяпер.
Сярод здымкаў, зробленых на Марсе робатам Curiosity, адзін выклікаў вялікія спрэчкі. Ён быў зроблены яшчэ тры гады таму, на 50-ы дзень знаходжання марсахода на чырвонай планеце. На ім відаць постаць чалавека ў скафандры, які схіліўся над Curiosity і, нібыта, выконвае нейкія рамонтныя працы.
Тлумачэнні гэтаму даюцца самыя розныя. Мяркуецца, што гэта можа быць іншапланетнік, які зацікавіўся апаратам з Зямлі. Па іншай версіі, таксама фантастычнай, гэта амерыканец, супрацоўнік NASA, які знаходзіцца на Марсе, дзе, нібыта, даўно існуе база зямлян. Найбольш верагодная версія — постаць — гэта не чалавек у скафандры, а цень, які ўтварыўся ад Chimra, прылады марсахода, якой збіраюцца ўзоры грунту.
Фота: NASA