Каля Курапатаў будуюць дарогу без дазволу Мінкульту
Пашырэнне дарогі "Заслаўе-Калодзішчы" ў раёне ўрочышча Курапаты адбываецца без узгаднення з Міністэрствам культуры.
Пра гэта намеснік старшыні навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры Ігар Чарняўскі паведаміў Радыё "Свабода".
Па словах чыноўніка, цяпер удакладняецца кіламетраж, дзе вядуцца работы, таму што была інфармацыя пра ўчастак дарогі каля пасёлку Сонечны. Чарняўскі выказаў заклапочанасць тым, што пачаліся канкрэтныя работы ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці без узгаднення і без атрымання дазволу Міністэрства культуры.
Па яго словах, любыя працы на тэрыторыі адміністратыўных адзінак не могуць ажыццяўляцца без дазволу кіраўніцтва гэтых адміністратыўных адзінак. Мінскі райвыканкам павінен быў прыняць рашэнне на распрацоўку праектнай дакументацыі, а потым на выкананне работ па гэтай дакументацыі. Гэтага зроблена не было.
Гл. таксама: Антон Астаповіч: "Бульбаш-хол" не пагражае Курапатам!
Фота — svaboda.org