Камета, якую адкрыў беларус, пройдзе на мінімальнай адлегласці ад Сонца
У 1,16 млн кіламетрах, гэта ў 40 разоў бліжэй за арбіту Меркурыя.
Адбудзецца гэта сёння ў 21.45 паводле беларускага часу. У гэты момант яркасць ISON павінна дасягнуць найвышэйшых значэнняў. Яна ў 10-20 разоў пераўзыйдзе Венеру, інфармуе РІА "Новости".
Нагадаем, камета C/2012 S1 (ISON) была адкрытая ў верасні 2012 года беларусам Віталём Неўскім і расійскім астраномам Арцёмам Навічонкам. Навукоўцы лічылі, што гэтая камета можа стаць самай яркай у гэтым дзесяцігоддзі. Аднак яе яркасць расла не так хутка, як чакалася.
Калі камета "дажыве" да 26 снежня, то ў гэты дзень яна пройдзе на мінімальнай адлегласці ад Зямлі — 64 млн км.
Фота — NASA