Кампанію "Гавары праўду" ўзначаліў Андрэй Дзмітрыеў
Яго кандыдатура была безальтэрнатыўнай.
Андрэй Дзмітрыеў стаў старшынёй грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" замест Уладзіміра Някляева. Дзмітрыева абралі на рэспубліканскім сходзе актыву арганізацыі 28 траўня ў Мінску. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым фармаце, адзначае БелаПАН.
Кандыдатура Дзмітрыева была безальтэрнатыўнай. Раней ён займаў у кампаніі пасаду намесніка старшыні.
Цяпер намеснікамі старшыні "Гавары праўду" абраныя Юрый Варонежцаў, Алег Мяцеліца і Лідзія Сагідуліна.
Дзмітрыеў паведаміў, што арганізацыя вырашыла не вылучаць на кіруючыя пасады Таццяну Караткевіч, якая збіраецца ўдзельнічаць у будучых прэзідэнцкіх выбарах. Яе кандыдатуру на выбарах збіраецца падтрымаць ініцыятыва "Народны рэферэндум", куды ўваходзяць "Гавары праўду", Партыя БНФ, рух "За Свабоду" і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Нагадаем, ранейшы лідар кампаніі Уладзімір Някляеў выйшаў з яе на пачатку красавіка. Цяпер ён узначаліў аргкамітэт па стварэнні грамадскага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі".