Кандыдатам у прэзідэнты прапануюць перамагчы з 70 тысячамі галасоў

Цэнтральная выбарчая камісія вызначылася з памерам фондаў, якія змогуць стварыць кандыдаты будучых прэзідэнцкіх выбараў Кожны з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка краіны зможа прыцягнуць на сваю выбарчую кампанію  да 3000 базавых велічыняў. Ды яшчэ 2300 базавых велічыняў будуць з дзярждатацыі. Максімальны агульны бюджэт кампаніі кожнага з кандыдатаў складзе каля 70 тысяч долараў ЗША.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначае, што сродкі з выбарчых фондаў могуць пайсці на набыццё дадатковага часу ў тэлеэфіры, газетных публікацыяў, арэнду памяшканняў пад сустрэчы з выбарцамі, а таксама на арганізацыйныя і кансультацыйныя паслугі. Калі застануцца грошы, то можна будзе замахнуцца і на бігборд. З ранейшых абмежаванняў на выкарыстанне сродкаў застанецца толькі забарона на выраб агітацыйных матэрыялаў па-за межамі Беларусі.

Лідзія Ярмошына: “Мы і цяпер не дазволім друкавацца за мяжой — з-за таго, што грошы непразрыстыя. Натуральна, што ўсё будзе вырабляцца на тэрыторыі Беларусі. А ўсё астатняе — справа кандыдатаў”.

На што хопіць кандыдату ў прэзідэнты 70 тысяч долараў, адмыслова для Еўрарадыё распавёў Аляксандр Фядута, які працаваў паліттэхнолагам на мінулых украінскіх выбарах.

Аляксандр Фядута: “З гэтых грошай кандыдат павінен заплаціць, па-першае, за транспарт, якім ён карыстаецца, каб ездзіць па краіне. Па-другое, за арэнду памяшканняў, у якіх знаходзяцца яго выбарчыя штабы. Па-трэцяе, за арэнду памяшканняў, дзе ён праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, — усё-ткі будзе ісці зіма! Ну, як вы думаеце, на якія яшчэ там улёткі павінна хапіць? З гэтага фонду ён павінен будзе аплаціць і так званы “бясплатны” час на дзяржаўным тэлебачанні. Пра такія сумы наагул смешна казаць, таму што нават пахаваць ніхто не здолее — калі пахаванне яго будзе арганізаванае, як належыць асобе дзяржаўнага ўзроўню”.

Дарэчы, кошт хвіліны эфіру ў прайм-тайм на АНТ сёння вагаецца ад 3200 да 10.500 долараў у працоўны і 5000-9500 долараў у выходныя дні. На БТ кошты больш дэмакратычныя: ад 500 да 3600 і 1200-3600 долараў адпаведна. Сістэма зніжак на праграмы кандыдатаў не распаўсюджваецца, кажуць у Белтэлерадёкампаніі.

Пахавальны настрой у ацэнцы будучых зменаў у выбарчым заканадаўстве мае і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Палітык перакананы, што неістотна, колькі грошай можна будзе легальна выкарыстоўваць падчас прэзідэнцкай гонкі — калі гэтая гонка ад пачатку мае няроўны характар.

Анатоль Лябедзька: “Адна сітуацыя, калі табе даюць фіксаваны час у рэжыме “гаворачая галава”. І зусім іншая, калі там на працягу гэтага часу адбываюцца жывыя дэбаты паміж кандыдатамі альбо чальцамі іх камандаў. Калі табе ў Мінску даюць пяць-шэсць кропак, дзе ты можаш толькі  сустракацца з выбаршчыкамі, то колькасць рэсурсаў, якія ў цябе ёсць у горадзе, ужо нівелюецца. І іншая справа, калі ты можаш праводзіць сустрэчы там, дзе жыве выбаршчык. І твае валанцёры без усялякіх грошай могуць праводзіць сустрэчы па ўсім горадзе”.

Зрэшты, Лябедзька ўсё ж такі прапануе формулу, паводле якой можна вызначыць, колькі трэба сродкаў, каб забяспечыць сапраўды свядомы выбар: 1 долар на выбарца. Безумоўна, 70 тысяч галасоў у сваю падтрымку наўрад ці задаволяць хаця б аднаго з будучых кандыдатаў. А таму, перакананы юрыст Сяргей Альфер, на будучых прэзідэнцкіх выбарах будуць задзейнічаныя і неафіцыйныя крыніцы фінансавання.

Сяргей Альфер: “Гэтая сума недастатковая, каб можна было рэальна правесці выбарчую кампанію кандыдату ў прэзідэнты на ўсёй тэрыторыі Беларусі. І гэтая сума правакуе тых кандыдатаў, якія будуць мець значныя каманды, на тое, каб яны выкарыстоўвалі па-за межамі выбарчага фонду, улічваючы дзяржаўныя грошы, а таксама тую суму, якую яны могуць браць са сваіх персанальных грошай, а таксама грошай іншых спонсараў”.

Але, падкрэслівае Альфер, самае важнае — што лёд зрушыўся. Чакаць ад краіны і яе кіраўніцтва, якое ўсё яшчэ жыве ў савецкіх рэаліях, адначасовага скачку ў шырокія абдымкі заходняй дэмакратыі — несур’ёзна. Галоўнае — што беларуская “крыга” паплыла ў слушным кірунку.

Сяргей Альфер: “Насамрэч, ідзе працэс рэфармавання выбарчага заканадаўства ад савецкага да заканадаўства, якім карыстаюцца ў цывілізаваных краінах. І, зразумела, пры ўсім тым менталітэце беларускага кіраўніцтва зрабіць рашучы крок і ўвесці цывілізаваныя рамкі фінансавання было б вельмі цяжка”.

Чым глыбейшыя будуць дэмакратычныя змены ў выбарчым заканадаўстве, тым большыя легальныя сумы будуць фігураваць у выбарчых фондаў. Іншымі словамі, спрацоўвае формула: чым больш дэмакратыі, тым больш і грошай.



Фота: Bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі