Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША Трамп і Харыс заявілі пра намер сустрэцца з Зяленскім

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп, архіўнае фота

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп, архіўнае фота / The White House from Washington

Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША Дональд Трамп і Камала Харыс заявілі пра намер сустрэцца на наступным тыдні з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, піша ВВС. На наступны аўторак, 24 верасня, запланаваны выступ Зяленскага на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. 

Журналісты спыталі Трампа, ці правядзе ён сустрэчу з Зяленскім. Трамп адказаў: "Напэўна, так". Нагадаем, раней кандыдат ад Рэспубліканскай партыі казаў, што ў выпадку сваёй перамогі на выбарах скончыць вайну ва Украіне цягам некалькіх дзён. Частка амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў асцерагаюцца, што перамога Трампа на прэзідэнцкіх выбарах можа прывесці да згортвання амерыканскай дапамогі Украіне.

Сустрэцца з Зяленскім плануе і кандыдат ад Дэмакратычнай партыі на выбарах прэзідэнта ЗША Камала Харыс. У цяперашні час яна займае пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША. 

Зяленскі раней казаў, што падчас гэтай паездкі ў ЗША хоча сустрэцца з дзейным прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і прадставіць яму свой "план перамогі" ў вайне з Расіяй. Ён таксама казаў, што мае намер абмеркаваць гэты план і з абодвума кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША. Прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах пройдуць 5 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі