Кангрэс ЗША не даў акрэдытацыі агенцтву Sputnik
Прэс-галерэя Кангрэса ЗША, якая займаецца акрэдытацыяй СМІ, адмовіла расійскаму інфармацыйнаму агенцтву Sputnik у акрэдытацыі.
Кіраўнік прэс-галерэі Джасцін Уілсан падкрэсліў, што пропуск не даецца тым СМІ, якія падтрымліваюцца якой-небудзь дзяржавай. Пры гэтым за Sputnik’ам пакінулі права абскардзіць такое рашэнне. Карэспандэнт агенцтва Sputnik у ЗША Эндру Файнберг назваў сітуацыю абсурднай і паведаміў, што мае намер аспрэчыць пазіцыю Кангрэса.
Sputnik — гэта падраздзяленне медыягрупы “Расія сёння”, якая наўпрост фінансуецца Крамлём. Яна займаецца асвятленнем падзеяў за мяжой. Амерыканскія чыноўнікі неаднаразова казалі, што Sputnik распаўсюджвае прапаганду і спрабуе ўмяшацца ў палітычныя працэсы ў іншых краінах, нагадвае Радыё Свабода.