Кантралёры шукалі ў Беларусі ахоўныя маскі, знайшлі ў 33 аптэках з 130-ці

Кантралёры шукалі ў Беларусі ахоўныя маскі, знайшлі ў 33 аптэках з 130-ці

Камітэт дзяржаўнага кантроля адрэагаваў на абурэнне Аляксандра Лукашэнкі на конт таго, што беларусы не забяспечаныя індывідуальнымі сродкамі абароны. Кіраўнік дзяржавы прыгразіў адстаўкай урада, калі да канца тыдня будзе дэфіцыт тых жа медыцынскіх масак. На калегіі КДК прагучала, што ў панядзелак праводзіўся маніторынг наяўнасці ў аптэках у сталіцы і ў рэгіёнах ахоўных масак і рэспіратараў, антысептыкаў і парацэтамола. Маскі і рэспіратары знайшлі ў 33 аптэках з 130-ці, а сітуацыя з парацэтамолам яшчэ горшая — толькі ў 15-ці. Антысептыкі былі ў 35 аптэках, паведамляе прэс-служба ведамства.

Старшыня КДК Леанід Анфімаў заявіў, што прэтэнзіі ёсць і да канцэрна "Беллегпрам", і да канцэрна "Белдзярдхарчпрам". Першы ў сціслыя тэрміны не здолеў "мабілізаваць швачныя прадпрыемствы на выпуск медыцынскіх абарончых масак у неабходнай колькасці", нягледзячы на тое, што "выраб не патрабуе нейкіх касмічных тэхналогій". І гэта пры тым, што гарантаваны збыт прадукцыі, а рэнтабельнасць да 31%. Не былі падключаны і прыватнікі.

Выяўлены факты продажу па завышаных цэнах прадукцыі, якая карыстаецца павышаным попытам — яе набывалі ў пасярэднікаў. У выніку ў шэрагу выпадкаў антысептыкі прадаваліся ў 3-4 разы даражэй, у параўнанні з коштам завода-вытворцы. Кантралёры лічаць, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю недастаткова кантралюе сітуацыю на спажывецкім рынку.

Да 13 красавіка аптэкі, гандлёвыя сеткі, бальніцы і паліклінікі мусяць быць забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны. За невыкананне патрабавання ў адказных асоб будуць вялікія праблемы. А за "вольніцу" на цэны на згаданыя тавары Анфімаў прыгразіў крымінальнымі справамі. "У мяне на гэта паўнамоцтвы ёсць", — папярэдзіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі