Караткевіч і Дзмітрыеў узначалілі аб'яднанне "Гавары праўду"

Караткевіч і Дзмітрыеў узначалілі аб'яднанне "Гавары праўду"

7 лістапада на ўстаноўчым сходзе ў Мінску створана рэспубліканскае даследча-асветнае аб'яднанне "Гавары праўду". Адпаведнае рашэнне прынялі 65 дэлегатаў, інфармуе БелаПАН.

У арганізацыі будзе дзейнічаць "інстытут двайнога лідарства". Пасада старшыні "Гавары праўду" лічыцца прадстаўнічай, звязанай з пытаннямі грамадска-палітычнага характару. Па выніках галасавання на безальтэрнатыўнай аснове яе заняла Таццяна Караткевіч, экс-кандыдатка ў прэзідэнты. Старшыня рэспубліканскага савета аб'яднання будзе займацца арганізацыйна-юрыдычнымі пытаннямі. Гэтую пасаду заняў Андрэй Дзмітрыеў.

Адзначаецца, што мэтай аб'яднання "Гавары праўду" з'яўляецца "спрыянне пабудове ў Беларусі дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці, народнай гаспадаркі, умацаванню патрыятычных традыцый беларускага народа". Сярод асноўных задач — "прапаганда дасягненняў Беларусі ў сацыяльнай і эканамічнай сферах, аналіз грамадскіх сацыяльных і эканамічных праблем краіны і пошук шляхоў іх вырашэння, спрыянне станаўленню ў грамадстве прынцыпаў прававой дзяржавы, патрыятызму, сацыяльнай справядлівасці, законнасці і роўнасці".

Караткевіч збіраецца "актыўна ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, працаваць з людзьмі, імкнуцца наблізіць перамены". На парламенцкія выбары плануецца скласці адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым Караткевіч зазначыла, што ў гэтым пытанні "Гавары праўду" гатова супрацоўнічаць з прадстаўнікамі ўсіх дэмакратычных партый і арганізацый.

Гэта ўжо чацвёртая спроба афіцыйна зарэгістраваць "Гавары праўду" ў Мінюсце. Папярэднія спробы (у 2010, 2011 і 2013 гадах) былі няўдалыя.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі