Кася Камоцкая: Дзякуй Богу, што на 8 сакавіка мяне ніхто не віншуе

Напярэдадні 8 сакавіка Еўрарадыё даведалася, як святкуюць Міжнародны жаночы дзень беларускія рок-вумэн.


Кася Камоцкая адказвае адным сказам: "Дзякуй Богу, ніхто не дарыць падарункаў і ўжо не віншуе". Першая рок-князёўна кажа, што не разумее гэтага штучнага свята 8 сакавіка:


"Гэта не свята ўвогуле. Адназначна! Лухта нейкая. Я разумею, што істотная кожная нагода прыцягнення ўвагі — ці за касічку дзёрнуць, ці паштоўку падарыць. Варыянт, калі ты яшчэ не ўмееш падкаціць да нейкага аб'екту пачуццяў. А ў дарослым стане можна інакш выражаць свае зацікаўленасці, чым пры дапамозе штучных святаў".


У адрозненне ад Касі, маладзейшае пакаленне "рокерш" больш лаяльна ставіцца да веснавога свята. Напрыклад, лідар Clover Club Вольга Цяшкевіч часам нават накрывае невялікі стол з гэтай нагоды. Для мамы. І па традыцыі дарыць ёй любімыя цюльпаны ці ірысы.


"Гэта як і дзень Святога Валянціна — цудоўны, у які трэба любіць, радаваць і радавацца самім. Але нічога такога, што кардынальна адрознівае мой звычайны дзень, я наўрад ці буду рабіць. Але віншаванні гэта заўсёды выдатна. Я іх прымаю — кветкі ў асноўным ці прыемныя дробязі".


Фронтвумэн гурта "Зьмяя" Зоя Сахончык чакае 8 сакавіка асабістай увагі ад каханага мужа. Падобнае прысвячэнне дня спявачка лічыць больш каштоўным за любыя падарункі. А ўвогуле, для Зоі свята — пачатак адліку вясны і добрага настрою:


"Гэта як галачка ў календары, што з гэтага моманту пачынаецца ўсё цудоўнае, настрой уздымаецца. Такі псіхалагічны пінок пад дупу: давайце заканчваць хандрыць і пачынаць імкнуцца да цудоўнага, бо пачалася вясна. І ўвогуле, так прыемна за гэтым назіраць: усе ідуць з кветачкамі. Нібыта ўвесь свет пагрузіўся ў нейкі рамантык".


Галоўная беларуская “трэш-дзіва” Юля Шаўчук, удзельніца дуэта ЭВМ і актрыса Свабоднага тэатра, памятае паштоўкі для мамы, якія некалі выразала ў школе на 8 сакавіка. Аднак як свята гэты дзень Юля не ўспрымае. Праўда, падарунак сёлета сабе яна ўсё ж зрабіла:


"Я вельмі проста стаўлюся да гэтага свята, але я яго буду адзначаць паходам на канцэрт Аляксандра Саладухі. Бясплатны, зразумела, уваход — мы вырашылі павесяліцца і акунуцца ў трэш. Паглядзець, наколькі гэта сур'ёзна, і як гэта ўвогуле адбываецца, і хто ўсе гэтыя людзі, якія набылі квіткі".


Фронтвумэн дэструктыўнага пажарнага аркестра Harotnica Валерыя Валадзько 7 сакавіка святкуе Дзень нараджэння. Адпаведна, ДН спявачкі плаўна працягваецца і на наступны дзень. "Сакавіцкія" віншаванні і кветкі Валерыя прымае. Але спявачка не супраць атрымаць іх і ў кастрычніку.


"Больш прыемна атрымаць кветкі і віншаванні, напрыклад, 13 сакавіка ці 17 кастрычніка, чым 8 сакавіка, мяркуе Валерыя. Таму што ў гэты дзень мы гэтага чакаем, толькі таму, што свята і так заведзена. Лепш рабіць так, як не заведзена".


Актрыса і лідар гурта S°unduk Ганна Хітрык хоча, каб мужчыны памяталі пра тое, што яна жанчына, і дарылі ёй кветкі не толькі 8 сакавіка.


"Вось, вяла сёння сына ў садок — набыла сабе мімозы ў памяць пра дзіцячыя паштоўкі, якія мы рабілі бабулям і мамам. Яны пахлі, нагадалі дзяцінства, таму і купіла, прызнаецца Аня. А так, раз на год муж мне дарыць падарункі ад сына, мне прыемна. Але значна прыемней, калі дараць іх незалежна ад даты, проста так. Таму да свята я стаўлюся з пазіцыі "павіншуйце бабуль і мам", таму што іх прывучылі святкаваць гэты дзень".


Еўрарадыё віншуе найлепшую палову чалавецтва з прыйшоўшай вясной і жадае добрага настрою!
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі