Кавалеўскі пракаментаваў вынікі сустрэчы каліноўцаў і ўкраінскіх дэпутатаў
Валерый Кавалеўскі і намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук падчас сустрэчы ў Кіеве, красавік 2022 года / тг-канал Святланы Ціханоўскай
Полк Каліноўскага паведамляе, што дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны з міжфракцыйнага аб'яднання “Дэмакратычная Беларусь” заявілі пра жаданне супрацоўнічаць з палком як з “легітымным прадстаўніком беларускага народа”. Як Пераходны кабінет ацэньвае такое рашэнне? Ці не выглядае гэта спробай надаць больш палітычнай вагі каліноўцам, а не Святлане Ціханоўскай і яе камандзе?
— Насамрэч ацэньваць няма чаго, таму што не было рашэння, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі. — Тое, што мы бачым на сённяшні дзень у камунікацыях палка Каліноўскага, — гэта, скажам так, іх уражанні пра тое, як прайшла сустрэча. Але я і да гэтага сустракаўся са спадаром Аляксеем Ганчарэнкам, які з’яўляецца кіраўніком гэтай самай групы. Мы кансультаваліся таксама па выніках гэтай сустрэчы.
Мы разумеем з гэтай кансультацыі і з тых паведамленняў, якія мы бачылі ад каліноўцаў і ад спадара Ганчарэнкі, што гэта была вельмі важная сустрэча, каб паказаць павагу да каліноўцаў, паказаць ацэнку таго, што яны робяць вельмі практычную справу. Украінцы вельмі цэняць практычныя рухі, дзеянні дзеля таго, каб дапамагчы ім [украінцам] сёння змагацца з агрэсіяй. У гэтым сэнсе полк Каліноўскага з’яўляецца відавочным лідарам у тым, што ён робіць.
— Яны [каліноўцы] ваююць, рызыкуюць жыццём і здароўем, — працягвае Валерый Кавалеўскі. — Таму такая ацэнка абсалютна слушная, заслужаная. І мы вельмі рады, што адбылася гэта сустрэча. Але гэта ні ў якім разе не падмяняе адносіны Вярхоўнай Рады ці ўвогуле ўкраінскай улады з палітычнымі структурамі, Кабінетам у тым ліку. Мы разумеем, што задачай палка з’яўляецца ваяваць. Ваяваць да таго моманту, пакуль не будзе дасягнута перамога.
Тыя формы супрацоўніцтва, якія прапаноўваліся нам у тых жа самых камунікацыях ці тычацца, напрыклад, міжнароднага супрацоўніцтва, — гэта далучэнне да пэўных мерапрыемстваў, якія будуць пасаваць профілю палка ў нейкіх парламенцкіх асамблеях, — то тут не гаворыцца ні ў якім разе пра тое, што гэта нейкі эксклюзіў, што гэта [полк Каліноўскага. — Еўрарадыё] адзіны магчымы на сённяшні дзень партнёр украінскіх уладаў. Для нас гэта прыкмета таго, што пашыраецца палітычнае поле ўзаемадзеяння. Што Беларусі становіцца больш ва Украіне і што полк Каліноўскага ў гэтым сэнсе набывае сваё належнае, вельмі добра заслужанае месца, — рэзюмуе палітык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.