Казахстан у агні. Чым жыла краіна да пратэстаў і чаго чакаць далей
Гарыць адміністрацыя Алматы / @bagramyan26
Казахстан — рэч тонкая. Тут ёсць месца кланавым адносінам, тут перасякаюцца інтарэсы сусветных дзяржаў, а ў цэлым гэта "аўтакратыя з багатымі нетрамі", як кажа аналітык Ігар Тышкевіч.
Мы паслухалі, як Тышкевіч тлумачыць сітуацыю ў рэгіёне, і коратка пераказваем вам.
Што такое Казахстан і чым ён адрозніваецца ад Беларусі?
Казахстан — гэта аўтакратыя з багатымі нетрамі, коратка тлумачыць Тышкевіч. І цікавасць да гэтай дзяржавы з боку ключавых гульцоў сусветнай палітыкі даволі вялікая.
— Гэта не толькі Расія, але і ЗША, і ЕС, і Кітай, зацікаўлены ў лагістычных шляхах.
Калі гаварыць пра багатыя нетры, то казахскае кіраўніцтва даволі разумна размеркавала ўплыў знешніх сіл. Разумна — гэта значыць, што дамінантнай сілы няма. Ключавыя нафтагазавыя радовішчы аддадзены ў распрацоўку прадстаўнікам некалькіх рэгіёнаў і некалькіх палітычных сіл, якія часцяком змагаюцца адна з адной. На радовішчах могуць працаваць побач расійскія, амерыканскія, еўрапейскія, арабскія, кітайскія нафтавікі.
У палітычным сэнсе аналітык называе сістэму Казахстана тыповай аўтакратыяй. Толькі ў адрозненне ад Беларусі выцісканне апанентаў за мяжу адбылося крыху раней.
— Ці то супадзенне, ці то праз больш разумную палітыку гэта адбывалася ў тыя гады, калі цікавасць да Казахстана і нежаданне сварыцца з ім падаграваліся. Альбо калі праводзілася распрацоўка новых радовішчаў Каспійскага шэльфа, альбо калі абвастрылася сітуацыя ў Афганістане і ЗША неабходная была пазіцыя Казахстана ў рэгіёне як нейтральнай дзяржавы. Пад кожны з гэтых этапаў праводзіліся пэўныя палітычныя чысткі.
Супадзенне ці не, але залішне крытыкаваць казахскае кіраўніцтва ніхто не браўся, адзначае аналітык.
Казахскі нацыяналізм
"Здаровы" нацыяналізм, падкрэслівае Тышкевіч. Пры гэтым адна частка эліт бачыць пагрозу ва ўзмацненні расійскага ўплыву, а кітайскі і амерыканскі ўплыў успрымаюць як спосаб яго ўраўнаважыць. Другая частка эліт бачыць пагрозу ў Кітаі, а не ў Расіі.
І тыя, і іншыя — нацыянальна арыентаваныя. Праблема ў тым, што кантакт паміж гэтымі групамі вельмі абмежаваны, адзначае Тышкевіч.
Фармальная нагода для пратэстаў
Ёсць глабальныя дэпрэсіўныя працэсы: ад агульнай посткавіднай нервовасці і негатыўных эканамічных чаканняў да палітычных страхаў праз вывад войскаў ЗША з Афганістана.
А ёсць фармальная нагода для пачатку пратэстаў — двухразовае падвышэнне цэн на звадкаваны газ.
— Паліва — звадкаваны газ у балонах для бытавых патрэб або для аўтамабіляў — гэта сродак выжывання насельніцтва. І двухразовае павелічэнне цаны на такі базавы прадукт выклікала сур'ёзную незадаволенасць.
Чаму лозунгі накіраваныя супраць Назарбаева?
Што гэта яшчэ за "Стары, сыходзь"? Нурсултан Назарбаеў не ўзначальвае Казахстан, чаго яшчэ ад яго хочуць пратэстоўцы?
— Дастаткова сказаць, што нафтагазавы сектар курыруюць два зяці экс-прэзідэнта. Два чалавекі, якія фармальна не займаюцца вялікім бізнесам, але ключ ад газавай і нафтавай скарбонкі знаходзіцца ў іх.
Таму лозунгі часткова і гучалі як антыназарбаеўскія.
Дзе сядзяць лялькаводы
Казахстан ляжыць на скрыжаванні некалькіх зон інтарэсаў. Па-першае, тут перасякаюцца інтарэсы ЗША і КНР.
Другі контур супярэчнасцяў — гэта перацягванне каната паміж Расіяй і КНР. З аднаго боку, сварыцца з Кітаем у Расіі няма рацыі, з другога боку, дапускаць яго празмернага ўзмацнення ў рэгіёне, які Масква лічыць сваёй перыферыяй, таксама няма сэнсу.
Трэцяя лінія супярэчнасцяў — "Расія — Казахстан".
Тышкевіч прааналізаваў сённяшні парадак дня расійскіх СМІ і адзначае асноўныя тэзісы. Па-першае, гэта крытыка палітыкі ўладаў Казахстана, якая "не адпавядае" інтарэсам мясцовага насельніцтва. Па-другое, выказвалася версія, што пратэсты могуць быць палітыкай калектыўнага Захаду па стварэнні пункту напружанасці на расійскай перыферыі. Трэці тэзіс — сама Расія можа гуляць стабілізавальную ролю, калі казахскія ўлады звернуцца па дапамогу.
— Магчымы ход Расіі, калі яна наважыцца на далейшую эскалацыю, укладваецца ў схему яе дзеянняў у аналагічныя крызісы ў іншых дзяржавах. Гэта значыць, увайсці ў крызіс, падтрымліваць фармальна абодва бакі, кажучы пра імкненне да міру, і трохі падліваць масла ў агонь. На гэтым фоне інстытуцыйна аслабляць дзяржаву і прапаноўваць сваю дапамогу. Адпрацаваны і паспяховы механізм.
Зрэшты, ёсць і ўвасабленне зла — апазіцыянер, які сядзіць за мяжой і праз свае "шчупальцы" падштурхоўвае насельніцтва, якое абагаўляе прэзідэнта, да пратэстаў.
Пазіцыя казахскіх уладаў
Роля кланава-сямейных адносін у палітыцы краіны вельмі вялікая, кажа аналітык. Часта мясцовыя ўлады не адважацца пайсці "супраць сваіх". Таму казахскія ўлады і вырашылі ў некаторых рэгіёнах увесці надзвычайнае становішча, у некаторых — пайсці на кантакт з пратэстоўцамі.
У цэлым улады пакуль дзейнічаюць па наступным прынцыпе: не дапускаць далейшага абвастрэння.
— Агульная колькасць пратэстоўцаў не такая вялікая, гэтыя асобныя ачагі можна купіраваць. Але нельга перадаваць, выклікаць азлабленне насельніцтва, нельга недаціснуць. Эканамічныя патрабаванні выканалі нават з горачкай — урад пайшоў у адстаўку. Чыноўнікі потым праз пэўны цыкл вернуцца на свае пасады.
З іншага боку, у рэгіёнах, дзе трэба хутка стабілізаваць сітуацыю, аб'яўляецца надзвычайнае становішча.
— Калі крызіс не атрымаецца купіраваць у найбліжэйшы час, і ЗША, і ЕС, і Кітай паспрабуюць у яго ўвайсці для абароны сваіх інтарэсаў. І тады Казахстан можа стаць сур'ёзным вузлом, вынік палітычнага крызісу ў якім будзе вызначаць працэсы не толькі ў Сярэдняй Азіі, але, магчыма, і ва Усходняй Еўропе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.