КДБ затрымаў дырэктара "Івацэвічдрэва"
Камітэт дзяржбяспекі затрымаў гендырэктара ТАА "Івацэвічдрэў" Уладзіміра Шульгу. Як паведамляецца на сайце ведамства, гэта зроблена ў "рамках абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы".
Па звестках сецслужбы, гендырэктар арганізаваў злачынную схему па пастаўцы на "Івацэвічдрэў" імпартнай сыравіны па завышаным кошце праз падкантрольныя замежныя кампаніі.
Паведамляецца, што "Івацэвічдрэў" для вытворчасці драўняна-стружкавых плітаў купляе імпартны меланін. З 2014 года асноўнымі пастаўшчыкамі гэтай сыравіны былі замежныя кампаніі "National Resources L.P." (Літва) і "Great Imports/exports L.P." (Шатландыя). Фактычнымі ўласнікамі гэтых кампаніяў называюцца сын гендырэктара "Івацэвічдрэва" — А.Шульга, а таксама "блізкая сувязь сына" А.Непляховіч.
Гэтыя фірмы куплялі меланін у кітайскіх вытворцаў па 750-800 долараў за тону, а "Івацэвічдрэву" прадавалі па 1350-1400 еўра за тону. Па меркаванні следства, ад гэтага прадпрыемства панесла страты ў асабліва буйным памеры на суму не менш за 224 720 еўра.
На фігурантаў пачалі справу за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы. Усе яны затрыманыя і ўзятыя пад варту.