КДК затрымаў супрацоўнікаў фірмаў, якія займаліся пастаўкамі лекаў і медтэхнікі
Канфіскаваныя грошы / t.me/kgk_oficial
Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў пяці прыватных кампаній, якія пастаўлялі медыцынскія і фармацэўтычныя тавары ў медыцынскія ўстановы, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю. Колькасць затрыманых і назвы кампаній не агучваюцца.
Паведамляецца, быццам работнікі прыватных кампаній дамаўляліся з замежнымі вытворцамі тавараў пра пастаўку ў Беларусь праз фальшывых пасярэднікаў. Пастаўкі афармляліся праз падкантрольныя замежныя арганізацыі. А тыя прадавалі яе беларускім кампаніям, павялічыўшы цану на тавары па асобных пазіцыях у чатыры-пяць разоў. Розніца ў расцэнках асядала на рахунках замежных фірмаў-пасярэднікаў, якія кантраляваліся беларускімі кампаніямі.
Дзяржкантроль налічыў шкоду ў выглядзе нявыплачаных дзяржаве падаткаў на суму больш за 8,9 мільёна рублёў.
На заснавальнікаў і кіраўнікоў кампаній пачалі крымінальныя справы. Двух фігурантаў затрымалі ў пункце пропуску "Лоша", калі яны спрабавалі выехаць за мяжу.
У падазраваных канфіскавалі больш за 250 тысяч долараў і 55 тысяч еўра. На маёмасць падазраваных (у тым ліку нерухомасць і машыны) наклалі арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.