Хто замаўляў снег? Сіноптыкі расказалі пра надвор'е на найбліжэйшыя дні
Планы на тыдзень (гл. фота)
Калі вы чакалі зіму, надвор'е на гэтым тыдні вам дагодзіць. Сіноптыкі прагназуюць, што месцамі ў Беларусі пройдзе снег і мокры снег.
У аўторак, 14 лістапада, на беларускае надвор'е будзе ўплываць атмасферны фронт, які ідзе да нас з Заходняй Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі. Удзень на большай частцы краіны пройдзе дождж, а месцамі ён ператворыцца ў мокры снег. Ноччу і раніцай — слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца.
Тэмпература паветра мінімальная ноччу -2.. +3°С, максімальная днём +2.. + 8°С. На паўднёвым захадзе традыцыйна цяплей — да +10°С.
А ў сераду, 15 лістапада, над намі навісне прахалодная няўстойлівая паветраная маса. Амаль усюды зноў пройдуць дождж, снег або мокры снег. Днём на паўднёвым захадзе будзе парывісты вецер. Уначы на паўночным усходзе слупкі тэрмометраў апусцяцца да -3°С (на поўдні будзе не так холадна). Максімальная тэмпература днём 0.. +7°С, у паўднёвых раёнах — да +9°С.
У чацвер, 16 лістапада, на Беларусь пачнуць паступаць паветраныя масы з Фінскага заліва. Днём месцамі — зноў снег, у асобных раёнах — слабыя туман і галалёд, а на дарогах месцамі галалёдзіца. Тэмпература паветра ў паўночных раёнах -4°С. Днём паветра прагрэецца толькі да -2.. +5°С.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.