Кіеўскі суд дазволіў абшукаць кватэру і офіс тэлевядоўцы Савіка Шустэра
Кіеўскі суд дазволіў правесці вобшук дома ў тэлевядоўцы Савіка Шустэра, якога падазраюць ва ўхіленні ад уплаты падаткаў. Такое судовае рашэнне было вынесенае без прысутнасці адвакатаў Шустэра яшчэ 2 лістапада. Вобшук пройдзе не толькі па месцы жыхарства вядоўцы, але і ў офісе яго кампаніі “Савік Шустэр Студыя”, паведамляюць украінскія СМІ.
Савіка Шустэра падазраюць у нявыплаце падатку на даход, бо ён узяў крэдыт болей як на мільён еўра і не вярнуў яго ў агавораны тэрмін. Справа была заведзеная сёлета ў студзені. У красавіку ва Украіне анулявалі дазвол на працу для Савіка Шустэра, які не з’яўляецца грамадзянінам краіны. Затым ён аднавіў гэты дазвол праз суд.
Журналіст і вядоўца працуе ва Украіне з 2005 года. Шустэр вёў некалькі праграм на розных каналах, у тым ліку шоў “Свабода слова”, “Свабода Савіка Шустэра” і “Шустэр LIVE”.