Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта забараніла паборы ў школах
Ніякіх пабораў у школах быць не павінна. Такую заяву кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай перадае БЕЛТА. Пра збор грошай з бацькоў школьнікаў чыноўніца гаварыла падчас сустрэчы з калектывам ААТ "Слуцкі цукроварафінадны камбінат".
"Вельмі жорстка пастаўлена патрабаванне, і яно павінна выконвацца: ніякіх пабораў з боку школ, настаўнікаў быць не павінна. Гэта будзе карацца вельмі строга. Дзяржава выдзяляе сродкі на ўтрыманне навучальных устаноў", — падкрэсліла чыноўніца.
Па словах Качанавай, ініцыятыва бацькоў, якія хочуць дапамагчы школе, — гэта адно. А злоўжыванні ў гэтай сферы — гэта зусім іншае, чаго быць не павінна.
Міністэрства адукацыі нядаўна прыняло дзве пастановы, згодна з якімі бацькоўскі камітэт не мае права збіраць грошы на патрэбы школы, ліцэя і г.д. Бацькі могуць пералічваць грошы добраахвотна толькі праз банк і па дамове з апякунскай радай.