Ермакова: У Беларусі плануецца дэнамінацыя, але ў 2014-м яе не будзе
Кіраўніца Нацбанка заявіла ў сераду, што гаварыць аб тэрмінах дэнамінацыі перадчасна.
Але яна плануецца, падкрэсліла Ермакова падчас прамой лініі ў газеце "Звязда". Яна патлумачыла, што для правядзення дэнамінацыі трэба, каб інфляцыя за год склала менш за 10%, інакш з-за роста цэнаў зноў узнікне неабходнасць у буйных грашовых купюрах.
Паколькі ў наступным годзе інфляцыя запланаваная на ўзроўні 11%, таму пра дэнамінацыю гаварыць яшчэ рана, адзначыла кіраўніца Нацбанка. "Новыя грашовыя знакі ўжо ёсць, яны аддрукаваныя, але іх уводзіць яшчэ рана", — цытуе словы Надзеі Ермаковай БЕЛТА.
Нагадаем, што дэнамінацыя — гэта ўзбуйненне грашовай адзінкі краіны без змены яе наймення, якое праводзіцца ў мэтах аблягчэння грашовага абароту і надання большай паўнавартаснасці грошам.