Надзея Ермакова ўзначаліла Белгазпрамбанк

Будынак Белгазпрамбанка / Еўрарадыё​
Будынак Белгазпрамбанка / Еўрарадыё​

Старшынёй праўлення Белгазпрамбанка з 18 студзеня стала Надзея Ермакова. Такое рашэнне прыняла рада дырэктараў у мінулую пятніцу, паведамляецца на сайце банка.

Ермакова з 15 чэрвеня да 10 снежня 2020 года ўзначальвала часовую адміністрацыю па кіраванні Белгазпрамбанкам. Адміністрацыю прызначыў Нацбанк пасля таго, як у Белгазпрамбанку прайшлі ператрусы, а некалькі топ-менеджараў аказаліся фігурантамі крымінальнай справы аб легалізацыі сродкаў і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Непрыемнасці ў банку пачаліся пасля таго, як экс-кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка заявіў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Ён таксама быў затрыманы і да гэтага часу знаходзіцца за кратамі.

Нацбанк патлумачыў тады ўвядзенне часовай адміністрацыі жаданнем абараніць інтарэсы ўкладчыкаў і крэдытораў банка і не дапусціць пагаршэння яго фінансавага стану. 

"Белгазпрамбанк" на 99% належыць расійскім акцыянерам. Яны вельмі рэзка адрэагавалі на затрыманні топ-менеджараў і ператрусы, заявілі аб парушэнні беларускіх законаў. 

11 снежня прэс-служба банка паведаміла, што часовая адміністрацыя завяршыла сваю працу, сфармаванае новае праўленне, а выканаўцай абавязкаў старшыні прызначаная Ірына Патапава. Паведамлялася таксама, што "праўленне сфармаванае з дзейных супрацоўнікаў банка".  Надзея Ерамакова тады не атрымала прапановы ўвайсці ў новы склад праўлення. Тым не менш праз месяц была зацверджаная кіраўніком банка.

Патапава стала першым намеснікам старшыні праўлення, раней такой пасады ў Белгазпрамбанку не было. Яна таксама была ўведзеная рашэннем рады дырэктараў 15.01.2021. Акрамя таго, на пасадзе намеснікаў Ермаковай прызначаныя Ірына Антонава, Канстанцін Кір'янаў і Уладзімір Караткевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі