Кіраўнік МЗС Славакіі: Дыялог ЕС і Беларусі ідзе на ўмовах Мінску

Міністр замежных справаў Славакіі Міраслаў Лайчак лічыць, што дыялог Еўрасаюза і Беларусі ідзе на ўмовах Мінску. Пра гэта ён заявіў 7 верасня падчас сустрэчы са старшынём Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным і актывістам дэмакратычнага руху Андрэем Кімам. Як інфармуе БелаПАН, падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і развіццё адносін паміж нашай краінай і Еўрасаюзам.

Па словах Анатоля Лябедзькі, Лайчак бачыць недахоп у тым, што дыялог паміж Брусэлем і Мінскам цяпер ідзе на ўмовах Лукашэнкі. Па ягоных словах, Лайчак таксама падкрэсліў, што змены ў Беларусі маюць касметычны характар. "Ён выступіў за то, каб у Беларусі пачалі адбывацца незваротныя змены", — падкрэсліў Лябедзька.

Міраславу Лайчаку былі перададзеныя прапановы Аб'яднаных дэмакратычных сіл па нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС, а таксама "дарожная карта" па ўваходжанні Беларусі ў Савет Еўропы.

Міністр замежных спраў Славакіі прыбыў у Мінск з візітам 6 верасня. На сёння запланаваная яго сустрэча з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. 7 верасня ў Мінску адбудуцца Беларуска-славацкі дзелавы форум і кантактна-кааперацыйная біржа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі