Кіраўніка Інтэрпола затрымалі ў Кітаі і падазраюць у карупцыі
Кіраўніка Інтэрпола Мэн Хунвэя затрымалі ў Кітаі і падазраюць у карупцыі, інфармуе "Бі-Бі-Сі". Ён з'ехаў з Францыі ў Кітай 29 верасня, і ад таго часу пра яго лёс нічога не было вядома. Пра знікненне мужа заявіла жонка Мэн Хунвэя, якая з дзецьмі жыве ў Ліёне. У Францыі распачалі расследаванне і зрабілі запыт у КНР.
Кітайскія ўлады пацвердзілі, што Хунвэй не знік, ён затрыманы, у дачыненні яго праводзіцца расследаванне. Чыноўніка падазраюць у атрыманні хабараў і "іншых злачынствах".
Мэн Хунвэй даслаў у цэнтральны офіс сваёй арганізацыі заяву пра неадкладную адстаўку. Выконваць абавязкі кіраўніка Інтэрпола будзе віцэ-прэзідэнт Кім Ёнг Ян з Паўднёвай Карэі.
Хунвэй да 2016 года, калі ўзначаліў Інтэрпол (дарэчы, быў першым кітайцам-прэзідэнтам гэтай арганізацыі), быў кітайскім чыноўнікам, працаваў намеснікам міністра грамадскай бяспекі (гэтую пасаду ён сумяшчаў да апошняга часу), дырэктарам берагавой аховы, намеснікам кіраўніка Дзяржаўнага акіянічнага ўпраўлення КНР.