Стала вядома, за што затрымалі кіраўніка таксі “Алмаз” Віктара Пузікава
Кіраўніка і фактычнага ўласніка мінскага таксі “Алмаз” 34-гадовага Віктара Пузікава падазраюць у нявыплаце 1,4 млн рублёў падаткаў (каля 745 тысяч долараў). Пра гэта паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантроля. Адзначаецца, што ўпраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля па Мінску і Мінскай вобласці “спынена супрацьпраўная дзейнасць” Пузікава. Дзяржкантроль сцвярджае, што ў 2015-2017 гадах бізнесмен атрымліваў грошы ад афіцыйных і нелегальных таксістаў, якім аказваліся дыспетчарскія паслугі таксі. Гэтыя наяўныя сродкі ў бухгалтарскім уліку арганізацыі не адлюстроўваліся.
Крымінальную справу распачалі не толькі ў адносінах кіраўніка таксі “Алмаз”, але і траіх іншых асоб, якіх называюць яго памагатымі. Артыкул — “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры” (ч. 2 арт. 243 КК). Двое падазраваных, а сярод іх і Віктар Пузікаў, затрыманыя, яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Кантралёры інфармуюць, што накладзены арышт на разліковыя рахункі і грашовыя сродкі, на 93 аўтамабілі і 30 аб’ектаў нерухомасці, якія належаць падазраваным. Агульная сума — больш за 2 млн долараў. Падкрэсліваецца, што выкарыстанне супрацьпраўнай схемы ўхілення ад падаткаў “дазволілі дыспетчарскай службе таксі ўстанаўліваць больш нізкія тарыфы, чым у іншых падобных арганізацый”. Таму ў апошнія гады “Алмаз” заняў “адну з дамінуючых пазіцый на рынку”. Мяркуецца, што штомесяц уласнік, дзякуючы згаданай схеме, атрымліваў прыбытак у памеры больш за 200 тысяч долараў.