Кіроўца аўтобуса, які трапіў у 20 ДТЗ, пазбаўлены правоў на 2 гады
Аркадзь Крачун абскарджваў штраф у ДАІ Мінска, а атрымаў новае пакаранне, максімальнае.
Мінская ДАІ прызнала кіроўцу аўтобуса вінаватым ў апошнім дарожна-транспартным здарэнні з BMW (гл. відэа). Спачатку яго віну прызнала ДАІ Заводскага раёна. Аркадзь Крачун атрымаў штраф — 65 тысяч рублёў. Але ён вырашыў абскардзіць рашэнне ў гарадской ДАІ і атрымаў пазбаўленне правоў на 2 гады — максімальнае пакаранне.
Вось што Крачун распавёў Еўрарадыё:
"ДАІ горада вынесла пастанову. Я звяртаўся, каб дамагчыся праўды, а стала яшчэ горш. Мяне абвінавацілі, што я маральна не ўраўнаважаны. Мяне адправілі на медкамісію пазачарговую... Дакладна не памятаю, як гучала, бо зараз на нервах, "за негатыўнае стаўленне да кіроўцаў і негатыўнае выказванне ў інтэрнэце".
Па відэа ў ДАІ вызначылі, што кіроўца BMW не спыніўся, а рухаўся, тлумачыць Аркадзь. Сам кіроўца гаварыў, што была кепская бачнасць і пакрыццё дарогі, таму ён знізіў хуткасць да 20-30 км/г.
Аркадзь Крачун: "Але як бы тады адбылося сутыкненне, калі ён рухаўся з такой жа хуткасцю, як і я? У мяне цяпер ёсць некалькі дзён, каб падаць у суд. Але не ведаю, ці змагу дамагчыся праўды ў гэтай краіне. Бо дамагацца буду адзін, ніякай дапамогі ў мяне няма. Я спадзяваўся, што ў нашай дзяржаве можна дамагчыся праўды. Але людзі ўсё не правільна разумеюць, пішуць, што я некага вучыў і біў наўмысна, а гэта не так".
Кіроўца аўтобуса: Відэарэгістратар набыў пасля таго, як пазбавілі правоў