Кіроўца паказаў мінскім даішнікам фальшывыя правы, купленыя ў Расіі
13 лютага інспектары ДАІ на скрыжаванні вуліцы Арлоўскай і Старавіленскага тракта звярнулі ўвагу на аўтамабіль, якім кіраваў 32-гадовы мужчына, паведамляе guvd.gov.by.
Даішнікі спынілі машыну, каб праверыць кіроўцу, ці не едзе ён у нецвярозым стане. Пры аглядзе выявілася, што мужчына быў у стане наркатычнага ап'янення.
На просьбу супрацоўніка ДАІ мужчына паказаў правы кіроўцы, выдадзеныя ў Расійскай Федэрацыі. Інспектары пабачылі, што дакумент фальшывы: у яго падазроная і нехарактэрная шчыльнасць шрыфта. Яны забралі пасведчанне і адправілі на экспертызу. Эксперты выявілі, што пасведчанне сапраўды з'яўляецца падробленым.
Мужчына патлумачыў міліцыянтам, што купіў пасведчанне ў Расіі. Ён таксама дадаў, што афіцыйна ніколі не атрымліваў пасведчанне на права кіравання легкавым транспартам.