Класкоўскі пра заяву Лукашэнкі аб выбарах: У парламент не пройдзе апазіцыя

Класкоўскі пра заяву Лукашэнкі аб выбарах: У парламент не пройдзе апазіцыя

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 24 траўня заявіў, што дзяржава падтрымае кандыдатаў у парламент, якія будуць выступаць за незалежнасць Беларусі і супраць шокавых эканамічных рэформаў.

На думку палітычнага эксперта Аляксандра Класкоўскага, заява пра шэраг крытэрыяў для кандыдатаў у парламент па сваёй сутнасці антызаконная: паводле закону, умовы для ўсіх магчымых кандыдатаў мусяць быць роўнымі. А калі дзяржава кажа, што стварае прыярытэт — гэта чарговая праява валюнтарызму і прававога нігелізму.

“Дзіўна, што калі спадарыня Ярмошына стараецца давесці Еўропе, што ў нас тут будзе ашаламляльны дэмакратычны прагрэс на выбарах, раптам так адкрыта афішуецца выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. У мяне такое ўражанне, што Аляксандр Лукашэнка выпадкова прачытаў паперу для службовага карыстання”, — кажа эксперт.

Па словах Класкоўскага, гэтай прамовай кіраўнік дзяржавы абвяшчае селекцыю добранадзейных кандыдатаў. Такі крытэрый, як непрыманне шокавых рэформаў, сведчыць, што прыярытэт будзе аддадзены тым кандыдатам, якія не будуць моцна змяняць сістэму.

Класкоўскі: “То бок, людзей нават з рынкавым мысленнем, я ўжо не кажу пра рэзкіх крытыкаў рэжыму, будуць старацца так ці іначай “забаніць”. Я думаю, гэта не столькі рэверанс у бок БээНэФаўцаў і "пятай калоны", як іх называюць ва ўладзе, колькі прагаворваюцца фобіі супраць рускага свету”.

На думку эксперта, заява беларускага кіраўніка гучыць як прызнанне, што рэфарматарам няма месца ва ўладзе. А значыць, апазіцыя не павінна карыстацца падтрымкай улады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі