“Крама” прэзентуе новы альбом на “Басовішчы-2014”

Гурт “Крама” амаль скончыў запіс свайго новага сёмага альбома, які мае пакуль яшчэ працоўную назву “Белая вада”.

“Цяпер мы сядаем за запіс дзвюх апошніх песень альбома, — распавядае гітарыст гурта Сяргей Трухановіч. — І калі ўсё ўдала складзецца па часе з запісам ды звядзеннем і майстарынгам у Маскве, то новы альбом мы будзем прэзентаваць на “Басовішчы”. Размова вядзецца не пра проста пайграць новыя песні, а менавіта з фізічнымі дыскамі, каб была паўнавартасная прэзентацыя”.

Сёлета “Басовішча-2014” пройдзе 18-19 ліпеня на традыцыйным месцы, каля польскага мястэчка Гарадок. Праўда, у які дзень фестывалю дакладна будзе выступаць “Крама”, пакуль не вядома.

Напярэдадні “Басоў” “Крама” прэзентуе кліп на песню “Дзяўчынка” з новага альбома. Канцэртныя кадры для яго музыкі здымалі ў начным Тэатры беларускай драматургіі, а паралельную гісторыю неўзаемнага кахання з кілерамі і нечаканым фіналам — на вуліцах Мінска. Рэжысёрам выступіў Андрэй Ляўковіч. Цяпер “Крама” ўзгадняе дату прэзентацыі кліпа і адмысловага сольнага канцэрта са сталічным клубам TNT.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі