Кубак Беларусі па футболе: “Мінск” і “Тарпеда-БелАЗ” не прайшлі ў 1/8

Гэты тур адзначыўся некалькімі сенсацыямі. Сталічная “Зорка-БДУ” з першай лігі нечакана перамагла “Мінск”, які гуляе ў элітным дывізіёне — 1:0. Пры гэтым “Зорка-БДУ” ў сваёй лізе займае ўсяго толькі 12-е месца, а “Мінск” у вышэйшай лізе на 7-ым радку табліцы.

“Гарадзея”, якая таксама гуляе ў першай лізе, адолела ў серыі пенальці “Тарпеда-БелАЗ”, адну з наймацнейшых каманд вышэйшай лігі — 0:0 (3:2). Таксама можна назваць сенсацыйнай перамогу “Гомельчыгунтранса” над “Славіяй”. “Славія” цяпер лідуе ў першай лізе, а іх супернікі знаходзяцца ў “сутарэннях” турнірнай табліцы гэтага дывізіёну. Да таго ж “Славія” два сезоны гуляла ў элітным дывізіёне. І тым не менш — 2:1 на карысць гамяльчан.

Астатнія вынікі былі даволі прадказальнымі: “Баранавічы” (Д3) у сябе дома прайгралі брэсцкаму “Дынама” — 1:2, у “Гродзенскага” (аматары) параза ад “Белшыны” — 1:4, аутсайдэр першай лігі “Хваля” саступіла мацнейшаму суперніку па дывізіёне, “Іслачы” — 2:4, “Ждановічы” (Д3) прайгралі “Нафтану” — 0:4, “Смаргонь” (Д2) саступіла “Дняпру” — 0:2, а “Граніт” выйграў у “Рэчыцы” — 1:0.

Раней у 1/8 фіналу выйшлі “Слуцк” і “Гомель”.

Заўтра, 27 ліпеня, тур скончыцца матчам “Партызан” (Мінск)“Віцебск”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі