"Кум Пуціна" і яго партнёр падвоілі "заначку" ў беларускім банку
Уладзімір Пуцін, Віктар Медзвядчук і ўладальнік Абсалютбанка Мікалай Варабей / калаж Еўрарадыё
За 2020 год украінскі палітык Віктар Медзвядчук, якога ў прэсе называюць "кумам Пуціна", падвоіў сваю "заначку" ў беларускім банку, за якім стаіць набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен Мікалай Варабей. Еўрарадыё вывучыла свежую дэкларацыю Медзведчука — за 2020 год. І калі ў 2019-м ён з жонкай трымаў у беларускім Абсалютбанку каля 4,8 мільёна еўра, то ў 2020-м задэкларавана ўжо 9,5 мільёна еўра.
Большая частка гэтых сродкаў запісаная на жонку Медзведчука — Аксану Марчанка.
Медзвядчук даўно супрацоўнічае з блізкімі да беларускіх уладаў алігархамі і ў першую чаргу — з Мікалаем Вараб'ём. Еўрарадыё ўжо расказвала пра іх цесныя сувязі. За мінулы год, нягледзячы на санкцыі, якія ўвёў супраць Медзведчука Уладзімір Зяленскі, і на ўключэнне Мікалая Вараб'я ў еўрапейскі санкцыйны спіс, іх супрацоўніцтва толькі ўмацавалася.
Уладзімір Медзвядчук сёння — адзін з асноўных кліентаў Абсалютбанка. На 1 кастрычніка 2020-га (больш свежых звестак пакуль няма) у банку было 127 мільёнаў рублёў сродкаў кліентаў. 29,5 млн з іх належаць Медзведчуку і яго жонцы.
Прыкметна павялічыў сваю "заначку" ў Абсалютбанку і партнёр Віктара Медзведчука, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Тарас Казак. Цяпер на яго рахунках у банку ляжыць больш за 8 мільёнаў еўра — і амаль такая ж колькасць долараў. Год таму на рахунку ў дэпутата было 6,6 мільёна еўра.
У суме гэта больш за 48 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы плюс сродкі Медзведчука — палова (!) усіх сродкаў, якія захоўваюцца ў банку Мікалая Вараб'я.
Праблемы Вараб'я ва Украіне
Украіна ўвяла санкцыі супраць Казака і Медзведчука ў пачатку 2021-га. Ім ставяць у віну дапамаганне рускім апалчэнцам на Данбасе. Праз гэта ва Украіне блакуюцца ў тым ліку і іх рахункі. Аднак відавочна, што для палітыкаў гэта не праблема: грошы ёсць у Беларусі, якая не абавязаная выконваць унутраныя ўкраінскія санкцыі.
Замарозкай рахункаў улады Украіны не абмежаваліся. Яны вырашылі нацыяналізаваць буйны трубаправод "Самара — Заходні кірунак", які ў мясцовых СМІ нярэдка называюць "трубой Медзведчука", хоць фактычным бенефіцыярным уладальнікам быў Мікалай Варабей. У Кіеве вырашылі, што прыватызацыя трубаправода парушыла ўкраінскае заканадаўства. У выніку гэты актыў у беларускага алігарха адабралі.
Праз траплянне пад еўрапейскія санкцыі Вараб'ю забаранілі купляць украінскі БТА Банк. Тэарэтычна ён таксама мог бы быць надзейнай "падушкай" для захоўвання грошай Медзведчука і Казака. Але не, не атрымалася.
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.