Курсы “Мова Нанова” атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю
А колькасць выдадзеных студэнцкіх білетаў набліжаецца да 1000.
Мінгарвыканкам зарэгістраваў курсы “Мова Нанова” як “сацыяльна-культурную ўстанову развіцця беларускай мовы і культуры”. Адпаведнае пасведчанне было выдадзена 27 лістапада.
Выкладчык курсаў Глеб Лабадзенка кажа, што “мы імкнуліся да гэтага, бо курсы імкліва развіваюцца — і для нас важна дзейнічаць легальна". Паводле яго слоў, за два месяцы выдадзеныя больш за 970 студэнцкіх у гарадах, дзе адбываюцца курсы. Рэгістрацыя дазволіць іх праводзіць афіцыйна. "Раней гэта былі фактычна “гурткі па інтарэсах”, якія нічога не парушалі і нікому не шкодзілі, але ж не мелі ніякага статусу”, — адзначае Лабадзенка.
Паводле статута, “Мова Нанова” мае права займацца “адукацыяй для дарослых”, “пазашкольным выхаваннем і навучаннем”, займацца “дзейнасцю ў галіне мастацкай творчасці”, а таксама праводзіць трэнінгі, майстар-класы і семінары для папулярызацыі беларускай мовы і культуры. У статуце пазначана, што галоўнай задачай “Мовы Нанова” з’яўляецца “пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці рознымі групамі насельніцтва”.
Нагадаем, бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова” распачалі сваю дзейнасць у студзені 2014 года ў Мінску. Цяпер яны дзейнічаюць у 8 гарадах Беларусі, а ў сталіцы адкрыліся дадатковыя курсы для дзяцей дашкольнага веку.